ТОР-12 самых скандальных беларускіх песень (працяг)

www.udf.by

На просьбу www.udf.by музычны інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" cклаў рэйтынг самых скандальных песень за гісторыю беларускай сучаснай музыкі. У ТОР увайшоў тузін твораў, якія з розных нагодаў падпадалі пад цэнзуру, выклікалі скандал пасля ратацыі ў тэле- і радыёэфіры ці проста мелі вялікі грамадскі розгалас.

12. Сузор’е – Невежество

'ТОР-12"Уже зима, поля еще не жаты, кто виноват – ансамбли виноваты", - такія радкі нарадзіліся ў вакаліста "Сузор’я" Валянціна Пучынскага пасля прыходу новага генсека Чарненкі, які адразу ж па ўсім саюзе абвесціў вайну рок-музыцы.

"Сузор’е" тады якраз рыхтавала рок-оперу "Песня пра зубра" і запісала альбом "Рок-тэрапія", куды і ўвайшла песня "Невежество" са словамі: "Мы уверены, счастье будет, если глупость разоружить". Словы гэтыя вельмі не спадабаліся тагачасным чыноўнікам і сталі лішнім аргументам для расфармавання калектыва.


11. Песняры – Маналог сабакі

'ТОР-12 Гэтую песню, запісаную ў 1989 годзе на словы Пятруся Макаля і музыку Ігара Паліводы, зрабілі скандальнай самі чыноўнікі пасля смерці Мулявіна. Гэты твор мусіў увайсці ў анталогію славутага ансамблю.

Але высветлілася, што на выданні, якое ўрачыста падаравалі Аляксандру Лукашэнку падчас "Славянскага базару-2004" гэтая песня папросту знікла. У Міністэрстве культуры адчулі нейкую крамолу ў словах: "Я свядомай пароды сабак//Я жыццё адчуваю на смак".




10. Крама – Гомельскі вальс

'ТОР-12 З гэтай песні ў гурта пачаліся непаразуменні з уладай. Прэзентацыя "Гомельскага вальсу" на беларускім тэлебачанні была прымеркавана да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

За здымкі кліпа тады ўзяўся малады рэжысёр Ягор Хрусталёў. Але неўзабаве песня была знятая з тэлеэфіру, а "Крама" трапіла у лік непажаданых выканаўцаў для радыё- і тэлеэфіру.

Музыкантам тады сказалі, што песня атрымалася "занадта сумнай". Не дапамог удзел у запісе кіраўніка ВІА "Сябры" Анатоля Ярмоленкі.



9. Новае неба – Прэзідэнт, ідзі дамоў

'ТОР-12 Гэтая песня з’явілася праз некалькі дзён пасля таго, як сталі вядомыя вынікі реферэндуму 1995 года. Яна ўвайшла ў альбом гурта пад назвай "Go Home", выдадзены ў гэтым жа годзе.

Цікава, што запісвалася яна ў студыі беларускага дзяржаўнага радыё. З тых часоў уваход у будынак для некаторых былых супрацоўнікаў і музыкантаў гурта забаронены.

Кася Камоцкая потым казала, што гэтая песня была памкненнем душы, але з цягам часу выраз "Прэзідэнт, ідзі дамоў" набыў кан’юнктурны характар, і спявачка сама адмовілася ад выканання гэтага твору.



8. Юрый Дземідовіч – Волшебный кролик

'ТОР-12 Песня з наіўным дзіцячым тэкстам пра трусіка, які складае вершы і сумуе па маме, прагучала на пачатку лета 2009 года на паўфінале адбору на дзіцячае "Еўрабачанне".

Але выклікала яна зусім недзіцячую цікавасць і стала хітом у рускамоўным віртуальным асяродку. Розгалас выклікаў сцэнічны імідж 13-гадовага спявака, дакладней, ягоны пагляд, а таксама запеў з трыма незразумелымі словамі "Эціс, аціс, анімаціс", якія слухачы намагаліся вытлумачыць як праклён ці нават формулу выкліка Сатаны.

Сюжэт пра Юру паказалі ў "Праграме Максімум" на НТВ. Кажуць, што з ініцыятывы камітэту па рэлігіі нават ладзілася экспертыза тэксту. Вось такі розгалас выклікала дзіцячая выдумка.



7. Ляпіс Трубяцкой – Лукашенко

'ТОР-12 Гэтую песню "ляпісы" выконвалі на канцэртах яшчэ да выдання свайго першага альбому "Ранетое серце"(1996). У арыгінальным тэксце Юрыя Энціна з кінафільму "Прыгоды Бураціна" музыканты змянілі толькі прыпеў "Бу-ра-ці-на!" на "Лу-ка-шен-ко!".

Атрымалася вельмі смешна, і радкі "На голове его колпак//Но околпачен будет враг…" загучалі надта вострасацыяльна. Песня ў выніку так і не была запісаная ў студыі. Потым Міхалок у адным з інтэрв’ю прызнаецца, што знаёмыя з органаў параілі не спяваць "Лукашэнку-бураціну".



6. Zatoczka – Прэзідэнт іграе ў хакей

'ТОР-12Песня, з дапамогай якой дэбютанты магілёўскай рок-сцэны ў 2007 годзе праславіліся на ўвесь горад, а потым і на ўсю краіну. Музыканты тады тлумачылі ў інтэрв'ю, што выказацца ў такой жорсткай форме іх падштурхнула "дзяржаўная паказушнасць".

Нягледзячы на просьбы арганізатараў наступнага канцэрту, Zatoczka ізноў выканала свой хіт. Пасля першых жа слоў, мікрафоны ім выключылі, але словы песні ўжо добра ведала заля.

Песня "Хакей" распаўзлася па людзях, дзякуючы інтэрнэту. У свой дэбютны дыск гурт яе вырашыў усё ж не ўключаць.




5. Эдуард Ханок – Товарищ президент

'ТОР-12Песня, якую вядомы беларускі савецкі кампазітар прысвяціў Аляксандру Лукашэнку ў 1997 годзе была напісаная на словы былога вайскоўца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Грыгорыя Сакалоўскага.

Прыпеў запамінальны: "Товарищ Президент, настанет тот момент//Когда вам до конца поверят люди…", а ў куплеце - як пра Леніна: "Вы не боитесь черновой работы//Встаете с предрассветною зарей//Как по тревоге боевой солдаты//Чтоб солнце восходило над землей". Выконвалася кампазіцыя пад акампанімент фартэпіяна аўтарам музыкі.

Пасля аднаго з канцэртаў у Мінску Ханок казаў журналістам, што не пралічыўся з гэтым творам, бо выклікаў шквал эмоцый у незалежнай прэсе. Па чутках, самому герою песня не спадабалася і хутка знікла з рэпертуару Ханка, і больш ніколі нідзе не гучала.

4. Devіation - Милицейский террор

'ТОР-12Гэтую песню гарадзенскі панк-гурт выканаў на першым сваім канцэрце ў 1993 годзе. Лідэр гурта Стас Пачобут прысвяціў яе былому начальніку Бераставіцкага РУУС, які застрэліў з табельнай зброі сваю жонку і параніў сына.

Пасля канцэрту Стас разам з бас-гітарыстам Devіation трапілі за краты. Аднаму далі 10 сутак, другому – 15 – "за заклік да самасуду".

Але панкаў не запужаць – гэтая песня пад назвай "Забіць мянта" была ўключана ў дэбютны альбом гурта "Lukaschenko... Uber Alles" (1996).



3. Neuro Dubel – Резиновый дом

'ТОР-12Песню з душэўным запевам "Б… буду море, б… буду чайкі" Аляксандр Кулінковіч напісаў за школьнай партай у 15 год. Першапачаткова ў ёй быў 21 куплет, а адна з фразаў змянялася некалькі разоў цягам апошніх 20 год.

Спачатку ў ёй спявалася пра "нажравшуюся всласть коммунистическую власть", потым "коммунистическая" была замененая на "демократическая", потым на "лукашенковская".

У 2001 годзе менавіта ў трэцім варыянце песня прагучала ў музычнай праграме галоўнага тэлеканала краіны, у выніку чаго праграма была закрыта, а некалькі яе супрацоўнікаў звольнены. Цяпер Кулінковіч пяе "разнообразная власть", каб ужо не змяняць прыярытэты.




2. N.R.M. – Партызанская

'ТОР-12Песня з другога альбома гурта N.R.M. "Одзірыдзідзіна", напісаная нібы пра другую сусветную вайну, надзвычай пасавала ў час масавых хваляванняў другой паловы 90-х.

"Вiдаць што зноўку давядзецца адкапаць кулямёт, вiдаць што зноўку давядзецца страляць", - гэтыя словы людзі падхапілі на канцэртах, а потым і на мітынгах.

Песня "Партызанская" была несумнеўным хітом 1996 году, але на цырымоніі "Рок-Каранацыя" музыкаў чамусьці вырашылі ўзнагародзіць за нейтральную фолкавую "Мела мамка тры сыночкі".

N.R.M. насуперак такому рашэнню сыгралі "Партызанскую" і арганізатары цырымоніі вымушаныя былі прызнаць яе за "Песню году".



1. Сябры – Слушай батьку

'ТОР-12Гэта песня прагучала ў беларускім тэлеэфіры напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе – 8 сакавіка ў межах канцэрту "За Беларусь" і выклікала хвалю абурэння і дзікага рогату ў інтэрнэце.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка потым апраўдваўся, што не таго бацьку меў на ўвазе, але народ успрыняў усё літаральна і расцягнуў гэты спеў на цытаты, асабліва радкі: "Ладно сшит и крепко сложен//Он плохому не научит//Батька всех построить может//Батька всех других покруче".

Кажуць, Анатоль Іванавіч вельмі перажываў пасля масавага асуджэння твору ў яго выкананні ды вырашыў больш не правакаваць публіку. "Слушай батьку" на канцэртах не выконваецца, нібы нават фанаграма песні была знішчаная.



Падрыхтаваў Сяргей Будкін для www.udf.by

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров