"Стары Ольса": Нас пірацяць на самым высокім узроўні

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Лідэр гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі напярэдадні канцэрта гурта з нагоды 10-годдзя распавёў пра тое, як расійскі ўрад спрычыніўся да нелегальнага выкарыстання музыкі "ольсаў" ды патлумачыў, чаму на іх маштабным канцэрце не будзе задуманага фаер-шоў.

Канцэрт "Старога Ольсы" 28 лістапада ў КЗ "Мінск" будзе асаблівым. Дзеля яго нават бубнача гурта Сяргея Тапчэўскага адпусцяць з войска, ды і само кіраўніцтва 120-ай Рагачоўскай ваеннай часткі прыйдзе на канцэрт.

"Канцэрта па заяўках не будзе, - заяўляе лідэр "ольсаў" Зміцер Сасноўскі. – Бо заўжды просяць адно і тое ж". Адмыслова да сваёй круглай даты – 10 годдзя музыкі падрыхтавалі праграму з галоўных сваіх твораў. Думалі нават зрабіць фаер-шоў, але па правілах пажарнай бяспекі такая забаўка не дазваляецца.

Сведчаннем запатрабаванасці музыкі "ольсаў" можна лічыць тое, што іх актыўна пірацяць. "Мы граем сярэднявечную музыку, а сітуацыя з аўтарскімі правамі, як у веку каменным", - кажа Зміцер Сасноўскі.

Нядаўна музыкі разбіраліся з радыё Бі-Эй, якія скарысталі музыку гурта для рэкламнаго роліка, але дазволу не спыталі. "Радыйшчыкі нам патлумачылі, што музыка гэта не наша, а народная, але забыліся на тое, што менавіта мы расчыталі ноты і выканалі твор, таму маем на яго правы", - кажа незадаволены Зміцер.

Але судзіцца "ольсы" не сталі – шкада часу і грошай. "Нас наогул пірацяць на самым высокім узроўні, - працягвае музыкант. – Апошні прыклад - фільм "1612", зняты пры ўдзеле ўрада Расійскай Федэрацыі. Там таксама фонам гучыць наша музыка".

28 лістапада "Стары Ольса" прэзентуе і свой дыск, які завецца "Лепшае". Туды якраз увойдуць тыя песні, што просяць выканаць музыкаў гледачы на канцэртах. Праўда, Змітру назва дыска зусім не падабаецца: "Гурт, які выпускае лепшае, што далей будзе рабіць – горшае?".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров