Праўда пра "незалежную аналітыку"

партал навінаў www.UDF.BY

У рэдакцыю партала навінаў www.UDF.BY прыйшоў ліст ад Вінцука Вячоркі. Палітык палемізуе з аналітычным артыкулам Юрыя Чавусава "Праўда пра АДС", надрукаваным 29 каcтрычнiка 2009 года.

— Мне адразу тады карцела адрэагаваць — вылучна з гледзішча даследніцкае дысцыпліны, сумленнага цытавання. Але не дайшлі рукі. Бачу, дарма, — піша Вінцук Вячорка.

— Я не аўтар праекту тэксту Стратэгіі АДС, але браў жывы ўдзел у яго папярэднім прадумванні, рэдагаванні, дапаўненні, урэшце, яго абароне на Кангрэсе 26-27 траўня 2007 г. І добра памятаю палеміку ўнутры АДС і на самым Кангрэсе, дзе Мілінкевіч выступаў з зубадрабіцельнай крытыкай Стратэгіі за яе… памяркоўнасць, бо хацеў спадабацца моладзі.

Перачытаў Стратэгію і я – новымі вачыма, з улікам досведу прамінулых трох гадоў. І пераканаўся, што дакумент сур’ёзны, шматбаковы, шмат у якіх аспектах захоўвае актуальнасць. Напрыклад, калі сцвярджае: "Раскладка сіл, якая існуе ў беларускім грамадстве, не дае магчымасці дэмакратам дабівацца поспехаў у канфрантацыі з уладай "рознымі калонамі" з рознымі мэтамі і стратэгіямі". Сапраўды – і гэта даказала развіццё падзеяў – калі адзінства дэмакратычных сілаў свядома ці несвядома разбураецца, іх перастаюць успрымаць як суб’ект (як у цэлым, так і паасобку) і ўлады, і замежжа. Зрэшты, і беларускае грамадства.

Нагадаю, дакумент укладаўся ў 2007 годзе. Тады яшчэ далёка наперадзе быў еўрапейска-мілінкевічаўскі разварот на 180° у стаўленні да ўлады (разварот, які на гэты момант паспеў ганебна праваліцца). Найважнейшая яго "ўводная" – крызіснае папярэджанне й канцэпцыя вываду краіны з непазбежнага сістэмнага (у тым ліку эканамічнага) крызісу праз дэмакратычныя змены. Тады многія крытыкі пасмейваліся з нашых папярэджанняў – дзе яны цяпер? Стратэгія поліварыянтная. Яна разглядае і сацыяльны выбух (варыянт непажаданы сваёй непрадказальнасцю і магчымай разбуральнасцю), і палацавы пераварот, і – увага – згоду ўлады на перамовы з арганізаванымі дэмакратычнымі сіламі ў выніку іх кампаніі ціску на ўладу.

Маючы лінгвістычныя рэфлексы, я не ўтрымаўся ад частотнага падліку словаўжываньняў у Стратэгіі АДС. Слова "дыялог" там ужываецца 15 разоў, "ціск" – 13. І першае не мысліцца без другога: можна ж яшчэ і кантэкставы аналіз зрабіць. Але самае галоўнае, чаго чытач у цвярозым розуме не можа не заўважыць, - гэта значэнне слова "дыялог" у Стратэгіі. Маюцца на ўвазе менавіта перамовіны, да якіх дэмакратычныя сілы змушаюць уладу, прычым з міжнародным пасярэдніцтвам. Але ніяк не ўседаравальнае сюсюканне Бруселю вакол самадура, які ад таго толькі куражыцца яшчэ больш.

А цяпер да аўтарскіх кпінаў. Абзац па абзацы.


Пад абзацамі артыкула Юрыя Чавусава мы размясцілі каментары Вінцука Вячоркі да гэтых абзацаў.

Праўда пра АДС


Пакурыўшы Баршчэўскага пра Дэкларацыю Незалежніцкага Блоку: Гэта маніфест калабаранцтва, супрацоўніцтва з рэжымам у "малых справах". І пасля пакурыўшы двубой Баршчэўскага супраць Губарэвіча: "Але калі прачытаць дакументы АДС, — яны значна больш радыкальныя! Там ставіцца праблема змены ўлады, што спачатку для гэтага трэба аб’яднацца ўсім (правым, левым, сінім, зялёным), а потым можна вырашаць астатнія пытанні" я як дурань палез глядзець Стратэгію АДС.

Праўда пра "незалежную аналітыку"Вінцук Вячорка:
Хоць я і маю мовазнаўчае заплечча, але так і не зразумеў, што рабіў аўтар.



А там!

Перамены ў Беларусі непазбежныя. Яны могуць прайсці ў кірунку крызісу і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ўсіх катэгорый насельніцтва Беларусі або прайсці эвалюцыйным шляхам у кірунку дэмакратызацыі на аснове ўзгодненых дзеянняў дэмакратычных сіл і ўлады. Мы прапануем грамадству і ўладзе менавіта другі варыянт. Яго рэалізацыя забяспечыць тыя неабходныя сацыяльныя гарантыі, што з’яўляюцца абавязковай умовай пры правядзенні любых палітычных і эканамічных рэформаў і створыць новыя магчымасці для ўсіх грамадзян. Гэты шлях забяспечыць сацыяльны мір, гарантуючы захаванне правоў і свабодаў, у тым ліку правоў на ўласнасць, на свабоду сумлення і адсутнасць пераследу па палітычных матывах.

У якасці першага кроку да свабодных выбараў у краіне АДС прапануюць уладзе пачаць канструктыўны дыялог з вядучымі палітычнымі і грамадскімі сіламі Беларусі. АДС лічаць, што шляхам перамоваў можна дасягнуць кансалідацыі ўсіх здаровых сіл беларускага грамадства, неабходнай для захавання сацыяльнага спакою і вырашэння праблем, якія існуюць у краіне.

Цытата абарваная. Далей ідзе: … Умовай, якая пацвердзіць гатоўнасць улады да ўзаемнага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, з’яўляецца вызваленне ўсіх палітзняволеных.


З улікам такіх абставінаў Аб’яднаныя Дэмакратычныя Сілы прапануюць беларускаму грамадству выбраць шлях мірнай эвалюцыі ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Менавіта такі шлях адпавядае чаканням беларускага народа: гэты шлях дазволіць захаваць усё пазітыўнае, што было зроблена ў папярэдні перыяд, і гарантаваць усім паляпшэнне сітуацыі ў будучыні.

Не падаецца пачатак абзацу: Адмова ад дэмакратычнай мадэрнізацыі непазбежна выкліча нарастанне як сацыяльна-эканамічнага крызісу, так і крызісу самой улады. Зноў паўстане пытанне аб яе легітымнасці. У такім выпадку магчымыя два варыянты развіцця падзей: наменклатурны пераварот ці масавыя некіраваныя пратэсты насельніцтва. Абодва варыянты азначаюць развал існай сістэмы і, як наступства, яшчэ большае пагаршэнне жыццёвага ўзроўню, а пасля перыяд узнаўлення эканомікі і дэмакратыі…


АДС гарантуюць элітам захаванне іх статуса і маёмасці ў межах дэмакратычных нормаў. Удзел эліт у падрыхтоўцы і правядзенні рэформаў дазволіць ім умацаваць сваё становішча.

Навуковец, звычны выкладаць думкі сыстэмна, ведае ролю дакладных дэфініцыяў. Not the case here (тут не той выпадак — udf.by), хаця азначэнне, што ёсць "эліты", надзвычай важнае для правільнай трактоўкі пададзенага абзацу: Нацыянальныя эліты. Кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў. Гэтая група доўгі час была падмуркам рэжыму, атрымліваючы ад яго значныя прэферэнцыі. Цяпер адбываецца паступовае ўсведамленне ёю сваіх інтарэсаў і ўзнікае незадавальненне сваёй залежнасцю ад дзяржаўнага валюнтарызму.


АДС прапануюць уладам супрацоўніцтва ў пераадоленні эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага крызісу.

Абарваная большая частка абзацу, з якой адназначна вынікае, што "прапанова ўладам супрацы" наступае пасля кампаніі ціску на іх: … Пачатак перамоў на вышэйшым узроўні можа быць наступствам ціску на ўладу з боку грамадства і нацыянальных эліт, але пры гэтым — гарантыяй ад магчымага перавароту ці сацыяльнага выбуху. Вынік перамоў — правядзенне ў краіне свабодных выбараў, фарміраванне кааліцыйнага ўрада і пачатак комплекснай мадэрнізацыі.


І фініш: Важным з’яўляецца тое, што, нагадваючы пра нелегітымнасць спосабаў фарміравання існай улады, дэмакратычныя сілы не патрабуюць яе імгненнай ліквідацыі, прапануючы шлях паступовай мадэрнізацыі.

І ўрэшце. Спецыяльна для няўважлівых чытачоў у пачатку абзацу яшчэ раз перажоўваецца: Да пачатку дыялога асноўныя метады ўздзеяння АДС на ўладу — гэта кампанія ціску, інфармавання і міжнародны ўплыў.

Характэрна, што калекцыянер выбраных цытатаў Чавусаў не заўважыў цэлага раздзелу "Ціск на ўладу": Незадаволенасць сваім становішчам у розных групах насельніцтва непазбежна будзе вылівацца ў нарастанне сацыяльнай напружанасці і пратэстаў. Неабходна надаць гэтаму працэсу патрэбны кірунак, паказаўшы прычыны крызіснай сітуацыі і шляхі вырашэння праблем.

АДС павінны зрабіць актыўную частку незадаволеных у розных сацыяльных групах сваімі хаўруснікамі ў рэалізацыі стратэгічнага плана і з іх дапамогай актывізаваць патэнцыйна актыўных, у тым ліку сярод тых, хто яшчэ не вызначыўся. Кампаніі актывізацыі, мабілізацыі і ціску мэтазгодна аб’яднаць пад лозунгам адзінай кампаніі "За свабоду". Яе мэтай будзе мірны ціск на ўладу з патрабаваннем рэформаў, а значыць — перамоўнага працэсу і правядзення свабодных выбараў.
Ва ўмовах выціскання апазіцыі з палітычнага жыцця скаардынаваны ціск можа стаць магутным механізмам уплыву на сітуацыю і каналізаваць магчымыя стыхійныя акцыі пратэсту. Без кампаніі ціску ўладзе будзе цяжка прызнаць дэмакратычныя сілы за важкі фактар і суб’ект дыялога.
Пры імклівым пагаршэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі магчыма нарастанне пратэстных настрояў і далучэнне да масавых акцый часткі насельніцтва, якая звычайна пасіўна рэагуе на сітуацыю. У такім выпадку магчымае хуткае адхіленне вярхоўнай улады.

Такім чынам, Лявон Баршчэўскі, які ведае, што такое тэкст і дакладная цытата, слушна казаў пра аб’яднаўчы й радыкальны характар Стратэгіі АДС. Перадусім у параўнанні з падтрымкай еўрапейскіх пагладжванняў Лукашэнкі з боку Мілінкевіча і яго аднадумцаў апошнія два гады.


Харошая стратэгія. Дзейсная. І рэалізуецца цяпер некаторымі. Чытайце, пакуль з сайта не прыбралі.

Ніхто гэты тэкст Стратэгіі ніадкуль прыбіраць не будзе. Аўтарам і палітыкам за яго не павінна быць сорамна. Дакумент грунтоўны, разлічаны не на адзін гістарычны момант, прадугледжвае розныя варыянты развіцця падзеяў. Разлік жа Чавусава відавочны: доўгіх дакументаў людзі звычайна не чытаюць, давяраюць пераказам журналістаў і каментатараў. Разбуральная роля гэтага "аналітыка" і яму падобных парадаксальным чынам таксама прадугледжаная тэкстам Стратэгіі: Адсутнасць кансалідаванай пазіцыі дэмакратычных сіл прывядзе ці да правядзення перамоў без іх удзелу — паміж структурамі ўладаў (імітацыя ўдзелу грамадства), ці да таго, што на перамовах інтарэсы дэмакратычнай часткі грамадства не будуць улічаны.


Не ведаю, які навуковы досвед мае іранічны аўтар каментара. Але маніпуляцыя цытатамі, вырыванне з кантэксту, адумыснае ігнараванне відавочнага і шматкроць падкрэсленага ў нібыта разгляданым дакуменце выдаюць у ім чалавека, заангажаванага ў сумнеўны прапагандысцкі сцэнар, але ніяк не бесстаронняга аналітыка, — рэзюмуе Вінцук Вячорка.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров