Еўрапейская кааліцыя прапануе АДС супрацоўнічаць

www.udf.by

Еўрапейская кааліцыя прапанавала Аб’яднаным дэмакратычным сілам стварыць агульную нараду для абмеркавання актуальных пытанняў і супрацоўніцтва.

Каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч патлумачыў сайту www.udf.by сваю ініцыятыву жаданнем спыніць працэс дэзінтэграцыі беларускіх дэмакратычных сіл. Ён прапануе стварыць "пастаянна дзейсную нараду", да якой пасля змогуць далучыцца і іншыя палітычныя суб’екты.

— Мы лічым апраўданай прысутнасць у беларускай апазіцыі розных плыняў, розных блокаў па геапалітычных накірунках, па ідэалагічных. Але ўсё ж такі павінна быць нейкая агульная пляцоўка, бо ёсць шмат агульных тэмаў. Гэта барацьба за дэмакратыю, барацьба супраць пагрозы незалежнасці і парушэння правоў чалавека, змена выбарчага кодэкса. І мы робім такую прапанову правесці нараду паміж АДС і Еўрапейскай кааліцыяй. Магчыма, нават зрабіць гэтую нараду пастаянна дзейснай. Стварыць нейкую пляцоўку, дзе маглі б прысутнічаць усе дэмакратычныя апазіцыйныя палітычныя сілы. Каб гэтыя нарады прыводзілі да фактычнага супрацоўніцтва.

Мажліва, нам удалося б дамовіцца таксама пра агульную стратэгію на прэзідэнцкіх выбарах. Агульная стратэгія і адзіны кандыдат — гэта не абавязкова адно і тое ж. Але працэс дэзінтэграцыі трэба спыняць. І мы прапануем сустрэцца і абмеркаваць гэта
, — заявіў М.Статкевіч.

Як паведаміў сайту www.udf.by старшыня Нацыянальнага камітэта АДС Анатоль Лябедзька, перамовы паміж АДС і Еўрапейскай кааліцыяй пакуль не вядуцца. Плануецца запрасіць Мікалая Статкевіча на наступнае паседжанне Прэзідыуму Палітсавета АДС, якое адбудзецца 30 верасня 2009 года.

— Пакуль ёсць толькі прапанова Міколы Статкевіча сустрэцца. Мы запросім яго на наступнае паседжанне Прэзідыуму і паслухаем прапановы, — сказаў А.Лябедзька.

Па словах палітыка, АДС гатовыя да супрацоўніцтва, але не па ўсіх праграмах.

— АДС адкрыта для супрацоўніцтва з усімі ў рамках тых праграм, якія зараз рэалізоўвае АДС. Напрыклад, калі хто-небудзь з суб’ектаў палітычнага жыцця хоча і можа далучыцца да папулярызацыі Антыкрызіснай платформы і іншых прапаноў АДС — тады мы гатовы супрацоўнічаць.

Тое ж самае можна сказаць па змене выбарчага заканадаўства. Калі нешта будзе цікавае для АДС — калі ласка, мы гатовыя гэта абмяркоўваць.


Спадар Лябедзька пакуль не спяшаецца прагназаваць вынікі перамоваў. Аднак спадзяецца на паразуменне і далейшае супрацоўніцтва кааліцый.

— Завершанымі фразамі мы зможам гаварыць ужо пасля самой сустрэчы. Але ўжо ёсць прыклады супрацоўніцтва. Напрыклад, людзі ад Статкевіча і ад іншых арганізацый ужо далучыліся да працы рабочай групы па працэдуры выхада на адзінага кандыдата. Я думаю, ёсць разуменне, што трэба ўсё ж знаходзіць магчымасці для супрацоўніцтва. Чым больш суб’ектаў прымае ўдзел у рэалізацыі тых ці іншых планаў, тым большая будзе эфектыўнасць.

Людміла Мароз

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров