Непакорнае "Уручча"

Дзяніс Кобрусеў, для UDF.BY

"Уручча-2" стала сімвалам непакорнасці, бунтарнасці, змагання людзей за свае правы. Пратэсты жыхароў нават сталі інтэрнэт-мемам: "Уручча мітынгуэ!"

Але чаму такія баталіі разварочваюцца менавіта ў гэтым мікрараёне? Цяжка знайсці прычыны, чаму менавіта ўручанцы, але прычыны, чаму людзі наогул пратэстуюць, відавочныя.

Па-першае, пазіцыя гарадскіх уладаў і раённай адміністрацыі палягае ў тым, што ўшчыльняць забудову патрэбна дзеля таго, каб даць сацыяльнае жытло тым сем’ям, якія ў ім даўно маюць патрэбу, такім жа мінчукам, як і жыхары "Уручча". І ўручанцам трэба пацясніцца, не зважаючы на нязручнасці і наступствы ўшчыльнення, у імя сацыяльнай справядлівасці, бо людзі не маюць даху над галавой, дзесяцігоддзямі стаяць у чэргах на паляпшэнне жыллёвых умоваў. І, пры гэтым, увайсці ў разуменне, што вольных месцаў для будаўніцтва ў Першамайскім раёне сталіцы ўжо не засталося. Але ў гэтым палягае першая прычына хлусні і, адпаведна, пратэстаў людзей.

Чаму Уручча, якое і так з’яўляецца мікрараёнам з высокай шчыльнасцю забудовы і плотнасцю насельніцтва, падлягае ўшчыльненню сацыяльнымі дамамі, у той час як каля Нацыянальнай бібліятэкі будуюцца элітныя дамы? Чаму землі пад будаўніцтва дамоў для людзей, якія валодаюць грашыма і яўна не маюць патрэбаў у паляпшэнні умоваў пражывання, ёсць, а для льготнікаў - няма і толькі шляхам ушчыльнення? Чаму ўшчыльняюць 19-ціпавярховымі слупкамі, а за той жа Нацбібліятэкай кампанія ТАПАС (дырэктар Павал Белы, гулец аматарскай хакейнай каманды Лукашэнкі) будуе пяціпавярховыя камфортныя дамкі, ды яшчэ ў водаахоўнай зоне водазабору "Зеляноўка"? Адказы, па-мойму, відавочныя. Вось і людзі гэта бачаць. Несправядлівасць! А пачуццё справядлівасці – першая прычына для абурэння.

Па-другое, нашы гарадскія ўлады не навучыліся не толькі весці дыялог са сваімі грамадзянамі, але нават і размаўляць. Успамінаецца рэпліка старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча, якого летась уручанцы запрасілі на свой сход, каб пачуць адказы на свае пытанні: "Я с этой толпой разговаривать не буду!" Вось і не размаўляюць. Ціхенька адмянілі рашэнне аб адмене будаўніцтва двух дамоў, якое было кампрамісным і выпрацаваным супольна з Адміністрацый прэзідэнта, і пачалі агароджваць плотам будучую будаўнічую пляцоўку. Але ж людзі не сталі маўчаць. Выйшлі на вуліцу, каб сказаць, што думаюць наконт такіх "рашэнняў". "Ладутько – хозяин слова. Захотел дал, захотел забрал!" Гэта словы з свежага плаката ўручанцаў. Гэтым усё і сказана. Не думаю, што людзям патрэбны такі мэр. Гэта другая прычына.

І трэцяе. Узровень грамадзянскай свядомасці ў сталіцы за апошнія гады падвысіўся. Людзі не хочуць проста спажываць і маўчаць. Людзі хочуць нармалёвых дастойных умоваў пражывання, добрай экалагічнай сітуацыі ў сваіх мікрараёнах, адказнасці за сваю тэрыторыю і яе развіццё. І гатовыя аб’ядноўвацца і выступаць з супольнымі дзеяннямі дзеля дасягнення сваіх мэтаў і абароны сваіх інтарэсаў. І гэта гарадскім уладам варта ўжо пачаць усведамляць. Як і тое, што горад—гэта людзі, перадусім.

Новости по теме

Новости других СМИ