Б’ем у бубен — і крызіс адступае

"Наша ніва"

Даўно ўжо народ у форме чутак пра дэвальвацыю не выдаваў на гара столькі фальклору.

Прафесія? — спытаў чалавек за стойкай гасцініцы.

— Этнаграфічная экспедыцыя, — адказаў кліент.

Парцье ўзняў на госця вочы.

— А, ясна. Пальчыкі катаць будзеце? Усё тэрарыста шукаеце?

— Не, вы не зразумелі. Збіраю дыяменты народнай творчасці. Ну, там, тосты, казкі, абрады, чуткі… Міф пра саюзную валюту, напрыклад. Гавораць у вас пра такое старыя людзі?

— Чуткі? Дарагі, табе выключна пашанцавала! Ёсць у мяне адна суперчутка…

Ён адвёў этнографа ў падсобку і зашаптаў таму ў дыктафон:

— Слухай пра дэвальвацыю. Чыстая праўда! Кажуць, што валюты ў сховішчах Нацбанку на два тыдні. Хутка усё ляснецца! Праз тыдзень курс будзе 3500! Уяўляеш? Так што бяжы хутчэй баксы набываць. Трэба ўсім рабіць рытуальны абмен.

Малады чалавек аж заплакаў:

— Зайчыка шкада.

— Мне даклалі, што вы этнограф, — рэзкім рухам адчыніўшы дзверы, увайшоў чалавек у дарагім касцюме.

Студэнт радасна заківаў галавою:

— Так! І я мару запісаць які‑небудзь рэдкі народны абрад, а ўзяць удзел у ім было б проста фантастычна!

— Дарагі, табе выключна пашанцавала. Як наконт таго, каб узяць удзел у абрадзе "Выбіванне крэдыту ў Расі"?

— Ваў! А ў чым яго сутнасць?

— Гэта даўні прыгожы абрад. Спачатку мы праводзім пасяджэнне па бягучых праблемах сацыяльна‑эканамічнага развіцця. Нас — супрацоўнікаў ураду — будуць пясочыць. Мы на гэта маем ківаць галовамі і нешта запісваць. Ёсць павер’е, што падобныя пасяджэнні выводзяць краіну з крызісу. Пасля мы б’ем у бубен на нашых тэлеканалах, прамаўляем словы заклінанняў перад расійскімі журналістамі, і ўрэшце нам даюць крэдыт, а крызіс адступае, пераможаны нашымі чарамі.

Студэнт быў у захапленні. У гэтым кутку Еўропы захаваліся такія цікавыя народныя традыцыі! Яго праца будзе прарывам у этнаграфіі.

— А ў чым мая функцыя? — спытаў ён.

Чыноўнік трохі памаўчаў.

— Чым больш Галоўны Шаман будзе нас пясочыць, тым мацнейшая эфектыўнасць рытуалу. Таму трэба напярэдадні выклікаць у яго жудасную ярасць. Публічна сказаць, што беларускай гаспадарцы капцы, што дэфолт непазбежны…

— А, я чуў пра гэта! Мая рытуальная роля называецца "Кудрын"!

— Так. Аднак вы мусіце быць гатовым да таго, што Галоўны Шаман будзе вас крытыкаваць, на словах церці ў парашок, называць бруднымі словамі.

Студэнт пабег рыхтавацца да выступу.

Чыноўнік на ўсякі выпадак прашаптаў замовы ад дзяржкантролю і дзяржбяспекі і скіраваўся да свайго лімузіну. Замову ад аўтаінспекцыі не прамаўляў — у яго быў ахоўны амулет, прымацаваны на лабавым шкле. Замовы ад Галоўнага Шамана, на жаль, не існавала.

Лёлік Ушкін

поделиться

Новости по теме

    Правілы мовы ад Алега Трусава

    Старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў распавёў, як папулярызаваць мову, чаго не стае беларусам у тым, каб мова стала сапраўды паўсюднай і на каго трэба абапірацца ў яе пашырэнні.подробности

Новости партнёров