8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі

Сяргей Будкін, для www.udf.by

Кожная эпоха мае сваіх герояў. А таксама і гераінь. Таму напярэдадні 8 сакавіка інфармацыйны партал www.udf.by вырашыў прыгадаць жанчын, чый жыццёвы шлях пакінуў адметны след у беларускай гісторыі. Канечне, гэты спіс суб'ектыўны. Таму калі вы лічыце, што некаторыя асобы патрапілі ў яго выпадкова, то не лайцеся на аўтара, а складзіце свой спіс і дашліце на нашу электронную скрыню. Альбо пакіньце свой водгук ў каментарах.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Еўфрасіння Полацкая

Унучка князя Усяслава Чарадзея Прадслава - дзяўчына неверагоднай прыгажосці, якая адмовілася ад шлюба і пайшла ў манастыр. Там яна атрымала імя Еўфрасіння і неўзабаве зрабілася самай уплывовай жанчынай у княстве. Шмат у чым ад яе залежалі пытанні вялікай важнасці, як то запрашэнне князёў у Полацк і прызначэнне епіскапаў. Еўфрасіння рабіла ўсё, каб пазбегнуць узброеных канфліктаў і пашырыць адукацыю. Яна памерла недзе ў 60 год у Ерусаліме падчас паломніцтва і была прызнана святой заступніцай.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Рагнеда

Дачка князя Рагвалода, якая набралася смеласці адмовіць сватам наўгародскага князя Уладзіміра, што стала адной з прычынаў нападу на Полацк. Калі Уладзімір стаў кіеўскім князем, ён усё ж узяў Рагнеду ў жонкі сілай. Тая не скарылася і намагалася яго забіць. У 988 годзе яе муж дзеля прыняцця хрысціянства ажаніўся на дачцэ візантыйскага кіраўніка, а Рагнедзе прапанаваў узяць за мужа адного са сваіх падначаленых. Княгіня адмовілася і пайшла ў манастыр. У 24 гады Рагнеда памерла. Магчыма, што яе разам з сынам атруціў Уладзімір.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Эмілія Плятэр

Беларуская Жана д’Арк, імя якой ушанаванае па ўсім свеце, але толькі не на Радзіме. З пачаткам паўстання 1831 года спявачка і актрыса сама сабрала баявы атрад, што складаўся пераважна з жанчынаў. Яе рашучасць адзначылі кіраўнікі паўстання, далі званне капітана і прызначылі яе камандзірам роты ў пяхотным палку. Змаганне падарвала здароўе 25-гадовай Эміліі, яна памерла пры канцы 1831 года.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Марыя Магдалена Радзівіл

Княгіня-прыгажуня, народжаная ў Варшаве, якая зрабіла дзіўны на той час выбар – адраклася ад пальшчызны, публічна заявіла пра тое, што яна - беларуска. Марыя Магдалена ахвяравала немалыя сродкі на падтрымку беларускага Адраджэння пачатку 20-га стагоддзя. Як казалі тады – "на мужыцкую справу". Дзякуючы яе падтрымцы выходзілі беларускія газеты, выдаваліся беларускія кнігі, адчыняліся беларускія школы. На грошы Марыі Магдалены пабачыў свет зборнік "Вянок" Максіма Багдановіча.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Жанчына, што была ў эпіцэнтры палітычных падзеяў свайго часу, хоць характар мела мяккі, ціхі і спакойны. Алаіза стаяла ля вытокаў першай беларускай нацыянальнай партыі – БСГ, чаравала сваімі прамовамі на акцыях і мітынгах. Як літаратарка стварыла шэдэўры рэвалюцыйнай паэзіі, яна ж склала "Першае чытанне для дзетак-беларусаў". Памерла гэтая цудоўная жанчына ад тыфа, на які захварэла, калі працавала сястрой міласэрнасці.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Палута Бадунова

Адзіная жанчына, што была ва ўрадзе Беларускай народнай рэспублікі. Міністр сацыяльных спраў БНР, старшыня таварыства "Цётка", што дапамагала бедным. Савецкія чэкісты называлі яе "стаўпом эсэраўскага руху ў Беларусі". Перажыла пераследаванні як з польскага, так і савецкага боку, падарвала здароўе ў турмах. У 1938 прысуджаная да растрэлу, магчыма, што спачын знайшла ў Курапатах.

8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Кася Камоцкая

Жаночае ўвасабленне беларускай рок-музыкі, якая ніколі не лічыла сябе артысткай. Яе спевы сталі сімвалам беларускага Адраджэння 90-х. Менавіта для яе 15 год таму была створана намінацыя "Рок-Князёўна" на цырымоніі "Рок-Каранацыя". Пасля реферэндума-95 яна спела песню "Прэзідэнт, ідзі дамоў" і на доўгі час апынулася ў спісе непажаданых асобаў у дзяржаўных медыя.


8 самых адважных жанчын беларускай гісторыі Тамара Лісіцкая

Сэкс-сімвал беларускага ТВ 90-х, што ўвасабляе тып сучаснай беларускай жанчыны. Яна кінула працу на камерцыйным радыё, каб заснаваць сваю справу – Netradio, што вяшчае ў інтэрнэце і вольнае ад выканання розных дырэктыў і нарматываў. Маці трох дзяцей і аўтар трох раманаў, Тамара адна з тых, хто імкнецца вярнуць моду на дабрачыннасць і пастаянна ладзіць акцыі ў падтрымку дзяцей, хворых на рак.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров