Лебедзеў застаецца

"Еўрарадыё"

Яўген Лебедзеў, галоўны трэнер хакейнага клуба "Металург" (Жлобін), насуперак учорашняй інфармацыі пра звальненне, застаецца на сваёй пасадзе. Пра гэта сёння заявіў дырэктар клуба Алег Багарад.

Паводле яго слоў, "ніякіх афіцыйных дакументаў аб адхіленні галоўнага трэнера ад працы аформлена не было". Кантракт з Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 года.

"Яму прапанавана працягваць выконваць свае абавязкі, не гледзячы на ўсю шуміху, якая ўзнялася ў СМІ", — заявіў Багарад.

Тым не менш, ён назваў прэтэнзіі, якія мае Назіральная рада клуба да галоўнага трэнера. Па-першае, пры Лебедзеве "Металург" стаў "лідэрам" па колькасці запрошаных легіянераў (галоўны трэнер захапіўся "славацка-латвійскім вектарам"), па-другое, прыцягваў у каманду гульцоў "ва ўзросце", а маладых з'яўлялася мала. Па фінансавых магчымасцях "Металург" пераўзыходзіў "Гомель", але ў гульнях плэй-оф апошнія аказаліся "на галаву" мацнейшыя за жлобінцаў.

Таксама Лебедзеву ставіцца ў віну, што ў паўфінальных матчах каманда прадэманстравала адсутнасць характара і волі да перамогі.

Вось як пракаментаваў гэтыя прэтэнзіі ў інтэрв’ю Еўрарадыё Яўген Лебедзеў:

"Зразумела, што там напісаныя поўныя небыліцы. За тыя небыліцы, якія там напісаныя, трэнераў, якія заваёўваюць медалі, нідзе і ніколі не звальняюць. У мяне ёсць іншыя здагадкі. Я думаю, усё гэта адбывалася, таму што мы спрабуем штурхаць хакей далей, як мае быць згодна з праграмай развіцця хакею ў краіне".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров