Беларусь не выдае візы еўрапейцам

"Еўрарадыё"

Беларуская ўлада заяўляе пра шчыльную супрацу з Еўропай. І ў той жа час працягвае не выдаваць візы еўрапейцам.

Яшчэ ў лютым пасля прыезду вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па агульнай знешняй палітыцы і бяспецы Хаўера Саланы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рух Беларусі і ЕС насустрач адзін аднаму паскорыцца, і адносіны палепшацца. А на самой сустрэчы з еўракамісарам кіраўнік Беларусі падкрэсліў гатоўнасць наладжваць цесныя і даверлівыя ўзаемаадносіны з Еўрапейскім Саюзам.

На нядаўняй сустрэчы з Бэнітай Фэрэра-Вальднер ад беларускага лідэра зноў гучалі заявы, што Беларусь шчыра жадае пабудаваць з Еўрасаюзам добрыя стасункі.

Аднак абвешчаная ўладамі лібералізацыя ніяк не ўплывае на кантроль над грамадствам. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці лёгка замежнікам трапіць у Беларусь і ці кожнаму з іх гэта ўдаецца.

Да гэтага часу прадстаўнікам арганізацый, якія супрацоўнічаюць з беларускімі грамадскімі арганізацыямі, адмаўляюць ў візах. Пра гэта Еўрарадыё распавёў юрыст з праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч. Так, не змог атрымаць візу ў нашую краіну генеральны сакратар шведскага Хельсінскага камітэту Роберт Хорт. Зусім нядаўна ў візе адмовілі супрацоўніцы камітэту Ёанне Курач. Яна сутыкаецца з адмовай трэці раз, прычым толькі сёлета яна падавала дакументы на візу двойчы.

Валянцін Стэфановіч: "Працягваецца гэтая палітыка без усялякіх зменаў. Прынамсі, я ведаю, што нашым партнёрам у Беларусь візы дагэтуль не даюць, прычым не даюць ужо на працягу даволі доўгага тэрміну. Пацяпленне вельмі ўмоўнае — здалёку, можа, і бачна, што гэта пацяпленне, у нас-то знутры яно вельмі адноснае. Можна казаць, што колькасць рэпрэсій зменшылася, але сказаць, што кантроль над грамадствам зменшыўся ці нейкія сістэмныя змены адбыліся, не выпадае. КДБ сядзіць на месцы, КДБ працуе".

Алесь Бяляцкі, кіраўнік цэнтра "Вясна", удакладніў, што візы не выдаюць тым, хто выказвае актыўную грамадскую пазіцыю. Гэта, на думку праваабаронцы, беларускія ўлады лічаць для сябе небяспечным.

Бяляцкі: "Так, замежнікаў не пускаюць, гэтая практыка працягвалася да апошняга часу. На працягу апошняга месяца не атрымаў візу грамадзянін Швецыі Марцін Угла. Ён не адзін год супрацоўнічаў з праваабарончым цэнтрам "Вясна". Як мы мяркуем, гэта звязана з яго актыўнай грамадскай дзейнасцю, якую беларуская ўлада лічыць небяспечнай для сябе".

Грамадскі актывіст Юры Чавусаў распавёў Еўрарадыё, як увесну ў Беларусь не змог трапіць цэлы шэраг замежнікаў. Усе яны былі запрошаныя на сход Асамблеі няўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятываў. У спіс трапілі нават тыя, хто раней без праблемаў наведвалі Беларусь — прадстаўнік галандскай амбасады ў Варшаве Лукаш Бырскі. Па-ранейшаму адмаўляюць тым асобам, якія і раней знаходзіліся ў гэтых спісах неўязных — напрыклад, Дэвіду Хэмілтану з Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ў Кіеве.

Юры Чавусаў: "Таму можна сказаць, што тут мала што змянілася, калі нічога не змянілася. Прынамсі, практыка адмаўлення асобам, запрошаным грамадскімі арганізацыямі, працягваецца".

Зрэшты, у візах адмаўляюць не толькі актыўным грамадскім дзеячам, якія займаюцца палітычнымі пытаннямі. Так, студэнтка Марта Шыманьска, якая займаецца беларускай культурай у Польшчы, не можа наведаць нашую краіну. Сёлета вясной яна даведалася, што знаходзіцца ў "чорным спісе". Чаму яе не пускаюць у Беларусь, дзяўчына не ведае.

Марта Шыманьска: "Я не ведаю чаму. У пасольстве і на мяжы нічога не хочуць казаць. Я атрымала шматразовую візу. І калі я ехала ў Беларусь, яны сказалі, што я ў нейкім спісе і не магу пераехаць — і анулявалі мне візу. Я проста арганізоўвала розныя беларускія канцэрты, але гэта было звязана толькі з культурай, не з палітыкай".

Тым часам Міністэрства замежных спраў адмаўляецца даваць каментары пра тое, каго і з якіх прычынаў не пускаюць у Беларусь. Гаворыць Юры Кулабухаў, супрацоўнік прэс-службы МЗС.

Юры Кулабухаў : "Ведаеце, мы не будзем каментаваць гэтае пытанне і адказваць на яго. Такая наша пазіцыя".

поделиться

Новости по теме

    Што зменіцца ў выбарчым заканадаўстве?

    Еўрасаюз схіляе Беларусь да рэфармавання выбарчага заканадаўства. Паводле слоў прэс-сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка, група, якая будзе займацца ўнясеннем гэтых зменаў, ужо створаная і нават працуе над новым заканадаўствам.подробности

Новости партнёров