Мілінкевіч пра здароўе, кангрэс і АДС

www.udf.by

Лідэр руху "За Свабоду" даў інтэрв’ю www.udf.by і распавёў, як праходзіць курс рэабілітацыі пасля складанай аперацыі на суставе, калі плануе далучыцца да актыўнага грамадскага жыцця і што думае наконт некаторых выказванняў партнёраў па АДС.

- Спадар Аляксандр, як праходзіць рэабілітацыя пасля аперацыі, што кажуць медыкі, колькі зойме часу гэты працэс?

- Я апярэджваю графік рэабілітацыі. Працэс прадугледжвае пяць – шэсць месяцаў, разлічваю, што прайду яго значна хутчэй.

- Чым займаецеся ў гэты час, калі плануеце аднавіць актыўную дзейнасць?

- Многа чытаю, карыстаюся хуткім інтэрнэтам, прымаю гасцей, рыхтую экспазіцыю для Берштаўскага этнаграфічнага музею. Як цудоўна мець столькі часу для сваёй сям’і!

З верасня вярнуся на працу ў Менск і буду актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы Беларускага Еўрапейскага Форуму, які пройдзе напрыканцы лістапада.


- Як ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскага форуму, што ўжо зроблена для яго правядзення?

- Мы правялі каардынацыйныя рэгіянальныя сходы, вызначыліся з прадстаўніцтвам на Форуме. Зараз пачынаюцца раённыя сходы. Першыя будуць у Мінскай вобласці - у Смалявічах 6 жніўня і ў Клецку 9 жніўня.

Асноўная частка сходаў, а іх будзе 85, а можа і больш, пройдзе ў верасні-пачатку кастрычніка. На сходы мы запрашаем усіх зацікаўленых людзей. Там таксама будуць прысутнічаць вядомыя грамадскія дзеячы з Мінску і вядомыя эксперты.

- Пасля прарасейскіх выказваньняў Сяргея Калякіна лідэры руху "За Свабоду" заявілі, што не бачаць мэтазгоднасці ў выбары адзінага кандыдата ў межах АДС, але вы на гэты конт пакуль не выказаліся. Якім чынам магчыма абраннне адзінага кандыдата і ці наогул магчыма ў сённяшніх умовах?

- Яшчэ на апошнім Кангрэсе дэмсілаў у 2007 годзе я казаў, што эфектыўная кааліцыя магчыма толькі на падставе ясных каштоўнасцяў, а не на АДСаўскім прынцыпе "супраць каго сябруем". Улада не мае ідэалогіі, гэта яе вялікая слабасць. З ёй трэба змагацца з "ідэяй" і "за ідэю".

Мая прапанова была простая: АДС варта захаваць як круглы стол двух блокаў: правацэнтрысцкага праеўрапейскага і левага, прамаскоўскага. Іх яднае імкненне да дэмакратыі і свабоды. Многія рэчы мы маглі б рэальна рабіць разам, але шчыра і зразумела з нашага боку прапанаваць грамадству дзве альтэрнатыўных мадэлі развіцця краіны. Трэба адказваць людзям адкрыта: ці мы выбіраем шлях у Еўропу, ці будуем Саюзную дзяржаву хутчэй і лепш за сёняшняга беларускага кіраўніка. Гэта несумяшчальныя рэчы.

АДС ізноў спрабуе аб’яднаць ўсіх, хто проста "СУПРАЦЬ Лукашэнкі". Аднак сітуацыя ў Беларусі сёння не рэвалюцыйная. Людзі ў большасці схільныя да зменаў, але эвалюцыйных, хочуць ведаць ЗА ШТО выступаем мы, чакаюць ад нас альтэрнатыўнай пазітыўнай стратэгіі развіцця краіны, а не заклікаў на барыкады. Яны жадаюць пачуць адназначныя адказы: якой будзе наша эканамічная, сацыяльная, культурная, кадравая палітыка, які будзе геапалітычны выбар Беларусі.

АДС – сукупнасць ідэалагічна і функцыянальна разнастайных, часам нават антаганістычных арганізацыяў з рознымі мэтамі. У межах гэтай кааліцыі гадамі спрабуюць знайсці агульную мову празаходнікі і прамаскоўцы. Не дзіўна, што вынікам іхняй дзейнасці часцей за ўсё з’яўляюцца чарговыя працэдуры ўзаемадзеяння і бясконцыя заявы. АДС у прынцыпе не можа выпрацаваць паслядоўную і несупярэчную выбарчую праграму.

Зададзім сабе простае пытанне: ці мы можам публічна даць слова падтрымаць Рухам на выбарах любога АДСаўскага "адзінага", калі ім можа стаць асоба, якая закліча прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, далучыць частку Ўкраіны да Расіі, паабяцае ўвесці ў нас расейскі рубель і будаваць саюзную дзяржаву?

Сёння мы не верым, што вызначэнне "адзінага" па схеме АДС аб’яднае дэмакратычныя сілы і ўзрушыць грамадства.

Стварэнне рэальнай кааліцыі з абраннем адзінага кандыдата – важная ўмова для паспяховай прэзідэнцкай кампаніі. Але гэта не мэта, а сродак. Можна займацца ізноў "рытуальнымі танцамі" пад замежную музыку, але ці гэта ўсё на што мы здольныя?


Размаўляў Алесь Пехціеў

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров