Філіп Гордан: ЗША правамі чалавека не гандлююць

www.udf.by

Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан заехаў у Мінск на адзін дзень. Як ён тлумачыў за дзень да гэтага ў Вільні – візіт стаў магчымым пасля шэрагу пазітыўных крокаў з боку афіцыйнага Мінску. Але на сустрэчы ў беларускай сталіцы з палітычнымі лідэрамі ён даў зразумець, што Злучаныя Штаты не збіраюцца гандляваць правамі чалавека.

Гордан адразу ж падкрэсліў: размова з лідэрамі палітычных партый і грамадскіх арганізацый невыпадкова была запланаваная перад ягонымі сустрэчамі з прадстаўнікамі беларускай улады. Амерыканскі госць заявіў, што хоча даведацца пра становішча з правамі чалавека з першых вуснаў, каб надалей больш аргументавана размаўляць з чыноўнікамі.

Зрэшты, беларускія палітыкі зазначылі, што Гордан і так выдатна валодаў пытаннямі, датычнымі судовых працэсаў над актывістамі, сітуацыяй у галіне СМІ і свабодай слова ў Беларусі. Ён пазітыўна выказаўся наконт вызвалення палітвязняў, допуску некаторых недзяржаўных газет у сістэму дзяржаўнага распаўсюду і пашырэння магчымасцяў для дзейнасці неўрадавых арганізацый.

Галоўная цікавасць прадстаўніка дзярждэпартаменту ЗША была ў тым, ці ёсць далейшыя зрухі ў гэтых пытаннях. Палітычныя лідэры былі адзінадушныя ў ацэнкі сітуацыі.

Адзін з лідэраў партыі БНФ Вінцук Вячорка зазначыў, што ні зменаў у заканадаўстве, ні наогул змены практыкі ў гэтых галінах не адбылося, да ўсяго з’явіліся новыя формы рэпрэсій – палітычны пабор у войска і звальненне з працы па палітычных матывах.

Лідэр "Маладых дэмакратаў" Міхаіл Пашкевіч, як фігурант справы 14-ці, звярнуў увагу на тое, што яго некаторыя паплечнікі працягваюць знаходзіцца ў зняволенні, а некаторыя не могуць вярнуцца ў краіну. "Тэма палітвязняў наогул праходзіла чырвонай стужкай праз усю нашу размову, - кажа Міхаіл. – Вялося пра тое, што ўсе зняволеныя па палітычных матывах, якія знаходзяцца ці пад хатнім арыштамі, ці ў ізалятары, мусяць быць неадкладна вызваленыя".

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што няма зменаў ў кірунку свабоды асацыяцый, да ўсяго працягвае дзейнічаць артыкул Крымінальнага кодэксу пра дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Віктар Карняенка з Руху "За Свабоду" заўважыў, што не тое галоўнае, што некалькі арганізацый усё ж былі зарэгістраваныя ўладамі. Галоўная праблема ў тым, што пра сістэмнасць зменаў казаць не выпадае і яны не замацаваныя ў законе.

Філіп Гордан у сваю чаргу зазначыў, што ЗША не збіраецца змяняць свой падыход у пытанні эканамічных і візавых санкцый у дачыннені да Беларусі, пакуль не адбудуцца рэальныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека.

"Мы яшчэ раз падкрэслілі, што падтрымліваем наладжванне стасункаў афіцыйнага Мінска з Вашынгтонам. Але палітычны дыялог можа пачацца толькі пасля таго, як беларускія ўлады правядуць рэальныя, а не дэкаратыўныя рэформы. Прапанаваная намі формула застаецца нязменнай – крэдыты і інвестыцыі ў адказ на палітычную лібералізацыю. І як нам усім падалося, мы знайшлі паразуменне са спадаром Горданам", - дадаў да гэтага лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Алесь Пехціеў

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров