Генерал Фралоў: Я прарасійскі кандыдат

Алесь Пехціеў, партал навінаў www.UDF.BY

Генерал Фралоў прызнаецца, што на рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі яго падштурхнула адсутнасць сярод прэтэндэнтаў "прарасійскага кандыдата".

"На каго ні паглядзіш – кожны імкнецца ў Еўропу. Я таксама не супраць гэтых каштоўнасцяў, але гістарычна і эканамічна так склалася, што нам бліжэй Расія".

Пра свае амбіцыі Фралоў ужо заяўляў у мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Але тады не здолеў сабраць патрэбную колькасць подпісаў.

Пакуль патэнцыйны кандыдат не агучвае даты старту сваёй кампаніі ды імёнаў ўдзельнікаў сваёй каманды. Але заўпэўнівае, што там будзе нямала вядомых персонаў, у тым ліку яго калегі па парламенцкай групе "Рэспубліка" Сяргей Скрабец і Уладзімір Парфяновіч. Генерал паўжартам кажа, што калі адчуе, што рухаецца ў правільным кірунку, то збярэ людзей, "як Міхалевіч – у планетарыі". Апошняя пасада, якую займаў Фралоў – дарадца генеральнага канструктара касмічнай сістэмы Саюзнай дзяржавы.

Пасля акцыі двухгадовай даўніны ў падтрымку яднання народаў Беларусі і Расіі, на якую сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, Фралоў не выяўляў палітычнай актыўнасці і не рабіў гучных заяваў. Ён дагэтуль фігуруе ў спісах як намеснік старшыні і кіраўнік мінскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), да красавіка ўваходзіў у палітраду АДС, але заявіў пра выхад – "у сувязі з адсутнасцю палітычных перспектываў".

Да палітыкі Фралоў вяртаецца, бо вельмі занепакоены цяперашнім станам справаў. З усіх палітыкаў, якія абвесцілі пра свае амбіцыі ў гэтай кампаніі, ён прызнаецца, што яму бліжэй за ўсё Андрэй Саннікаў. На меркаванне Фралова, адной з галоўных якасцяў кандыдата ў прэзідэнты мусіць быць давер з боку існуючай наменклатуры. "Я для іх свой, адзін з іх, таму мяне баяцца не будуць. У адрозненні ад пацаноў, якія цяперашніх чыноўнікаў на вілы хочуць пасадзіць", - заяўляе генерал.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров