Лукашэнка з эскортам у 150 чалавек адпачывае ў Сэрбіі

Радыё Рацыя

Як паведамляе са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Beta сэрбскі тэлеканал В92, прэзыдэнт Беларусі цяпер знаходзіцца на адпачынку на самым папулярным сэрбскім гарналыжным курорце Капаонік, што на поўдні краіны.

Паведамляецца, што ў Сэрбію беларускі кіраўнік прыбыў на ўік-энд. Яго самалёт Боінг-737 прызямліўся ў аэрапорце "Канстанцін Вялікі" у горадзе Ніш, сталіцы адміністрацыйнага рэгіёну Нішава. Адтуль Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на гарналыжны курорт, дзе, паводле неафіцыйнай інфармацыі, і будзе знаходзіцца прыкладна тыдзень.

Як падае іншае сэрбскае выданьне Vesti, у Капаоніку беларускі кіраўнік разам зь сем’ямі сваіх сыноў, а таксама эскортам у 150 чалавек спыніўся ў прэзыдэнцкім люкс-гатэлі "Гранд". Перадаецца, што прэзыдэнцкі Боінг даставіў таксама ў аэрапорт гораду Ніш 50 аўтамабіляў.

У гатэлі "Гранд" пацьвердзілі інфармацыю аб знаходжаньні ў іх высокага беларускага госьця, аднак пра нейкія падрабязнасьці гаварыць не захацелі.

Як паведаміў сэрбскім журналістам, настойваючы на ананімнасьці, адказны супрацоўнік "Гранда", ніхто не папярэдзіў іх, што ў гатэль прыбудзе такі высокі госьць — сказалі, што чакаецца прыезд беларускай дэлегацыі.

"Мы былі вельмі зьдзіўленыя, калі ўбачылі яго, а тым больш яго сьвіту — сыноў зь іхнымі сем’ямі, ахову, кухара, нянек дзяцей", - паведаміў прадстаўнік гатэлю.

Ён таксама дадаў, што за выключэньнем таго, што "кухар Лукашэнкі рыхтуе ежу разам з кухарамі гатэлю", высокі госьць імкнецца не адрозьнівацца ад іншых гасьцей:

"З боку беларускага кіраўніка няма нейкіх адмысловых патрабаваньняў. Разам зь іншымі ён сталуецца ў рэстарацыі, чакае сваёй чаргі на лыжным пад’ёмніку. Мы імкнёмся арганізаваць усё найлепшым чынам, каб у наступным годзе прэзыдэнт Беларусі ізноў прыбыў да нас на адпачынак".

Тым часам на афіцыцным сайце Лукашэнкі напісана: "Сёньня раскладам прэзыдэнта Беларусі заплянаваны шэраг працоўных сустрэчаў".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров