Налівайце каву, а я раскажу вам гісторыю

Кацярына Кібальчыч, для UDF.BY

Жыў адзін народ, які меў прыгожую мову, але перастаў на ёй размаўляць. Не тое, каб зусім. На мове пісалі ў кнігах, прамаўлялі малітвы ў цэрквах, разумнейшыя людзі вялі на ёй перапіску. Так прайшло сто гадоў. Дзвесце... Народ забыўся на сваю мову.

Прайшло яшчэ амаль 2 тысячы год. Шмат чаго здарылася з народам за гэты час. Ён згубіў сваю зямлю, свае гарады. Людзі падаліся ў эміграцыю. Народ распаўся на дыяспары і пачаў размаўляць на розных чужых мовах ці дыялектах, так што людзі нават не разумелі адно аднаго. А мова іх стала называцца "мёртваю".

І вось праз некалькі тысяч год на Віцебшчыне нарадзіўся хлопец, які вырашыў, што трэба ўваскрасіць мёртвую мову. Ён захацеў, каб яго суродзічы зноў пачалі гаварыць на мове, каторую ён і сам не ведаў. І ў хлопца ўзнік план.

Вам ужо цікава? Ідзем далей.

Мы з вамі разумныя людзі, і нам ясна, што без падтрымкі дзяржавы тут нічога не папішаш. А ў народа і дзяржавы не было. Не было прэзідэнта добрага і нават дрэннага. Бо ўсё гэта знікла пасля таго, як знікла мова.

Але хлопец з Віцебшчыны быў вясковы, наіўны. Можам назваць яго ўтапістам. Ён паступіў у вучэльню ў Полацку - на святара і там пачаў вучыць сваю мову. А дакладней, тое, што ад яе захавалася. Бо некалькі тысяч год на мове размаўлялі толькі святары з Богам ці Бог са святарамі (вельмі рэдка).
Наш "утапіст" вымушаны быў сам прыдумляць побытавыя словы. Нават такія простыя, як шкарпэткі, марозіва ці бульба...

- Не-не-не! Стоп! - скажаце вы, - ну ўжо бульбу мы б не забылі!!!

А гісторыя не пра вас, беларусы. Забытая мова — іўрыт. Народ без зямлі — габрэйскі. Хлопец з Віцебшчыны - Эліэзер Бен-Егуда, імем якога цяпер завецца цэнтральная вуліца Тэль-Авіва, дзе я сяджу ў кавярні з ноўтбукам і пішу вам.

Гісторыя адраджэння габрэйскай мовы — неверагодная. Для мяне нечакана моцнае ўражанне ад вандроўкі па Ізраілю зрабіла не Мёртвае мора, а "мёртвы" іўрыт.

Эліэзэр Бен-Егуда быў энтузіястам, нават фанатыкам. Ён пераехаў з жонкай у Палестыну (сённяшні Ізраіль). Упершыню стаўшы на бераг гістарычнай радзімы, пачаў размаўляць на іўрыце з кожным напатканым габрэем: з абменшчыкам грошай, прадаўцом у краме. І часам яму нават адказвалі на "ламанай", але мове.

Эліэзэр знайшоў аднадумцаў у Ерусаліме. Стаў выкладчыкам, лексікографам. Распрацаваў падрабязны план "уваскрашэння мёртвага". Асноўныя пункты - "Іўрыт дома", "Іўрыт у школе" і "Словы, словы, словы".

Але сапраўдны план быў не на паперы. Сапраўднае «ўваскрашэнне» хавалася ў жываце яго жонкі Дэворы. Бен-Егуда чакаў яго і верыў у цуд. Ен з'явіўся на свет у 1882 годзе (у той жа год, што Купала і Колас) І яго назвалі Бен-Ціон.

Сын Еліэзэра Бен-Егуды стаў першым у гісторыі іўрытамоўным дзіцем пасля перапынку ў 18 стагоддзяў.

Эксперымент быў жорсткі. Хлопчыка абмяжоўвалі ад навакольнага свету, нават маці забаранялася размаўляць з сынам на рускай мове.
Але Бен-Ціон падрастаў, разам з ім рос і слоўнік іўрыта, бо кожны дзень бацькі прыдумвалі: "лялька — буба", "веласіпед — офанаім", "марозіва — гліда"... Пасля з'явіліся яшчэ габрэйскія сем'і, якія хацелі, каб дзеці ўвабралі іўрыт з малаком маці. Дэвора, жонка Бен-Егуды, для кожнай такой сям'і выпякала пірог. За 20 гадоў яна зрабіла ўсяго 10 пірагоў... Самога Бен-Егуду турэцкія ўлады нават арыштоўвалі за нібыта экстрымізм (Палестына была на пачатку 20 стагоддзя часткай Асманскай імперыі).

Ў гэтым месцы апавядання варта адчуць роспач першых іўрытамоўных энтузіястаў. Канешне, шмат хто смяяўся з гэтых рамантыкаў. Шмат хто думаў і казаў у тыя часы: "Навошта? Калі ёсць жывая мова ідыш?!" "Мы не хочам гаварыць з памылкамі і абражаць іўрыт — старажытную Боскую мову, на якой гаварыў першы чалавек". "Мы не хочам мець праблемаў з уладамі!"

Але мова аказалася заразнай. Адкрыліся курсы іўрыту, суполкі, дзе можна было размаўляць. Першая школа, паэзія...Часам бацькі вучыліся ад сваіх дзяцей. З'явілася Акадэмія іўрыту, якая прыдумвала і зацвярджала новыя словы. Габрэі прынцыпова не пазычалі лексіку ў іншых мовах. Прычыну добра растлумачыў адзін эмігрант - Хаім Вейцман, сын лесасплаўшчыка з беларускай вёскі Моталь: "Мы прыехалі ў Эрэц-Ісраэль не для таго, каб скапіяваць жыццё Варшавы, Пінска і Лондана". Значна пазней, у 1948 годзе, гэты Вейцман стаў першым прэзідэнтам незалежнага Ізраіля.
Габрэі не баяліся, што іх назавуць шалёнымі, фанатычнымі, апантанымі - бо відавочна яны такімі былі.

І калі Палестына ў 1920 годзе апынулася пад Брытанскім мандатам, Эліэзэру Бен-Егудзе ўдалося пераканаць англічан даць іўрыту (ужо больш-менш папулярнаму) статус дзяржаўнай мовы. Роўнай з ангельскай і арабскай.

Сёння на іўрыце размаўляюць каля 8 млн чалавек. І акрамя статыстыкі я сёння, гуляючы па Тэль-Авіву, бачу вакол сябе іўрытамоўных дзяцей, газеты ў вітрынах, чую радыё. І выглядае гэта так натуральна, што гісторыя мовы здаецца падобнай да біблейнай казкі. Адзінае, што засталася дагэтуль - Акадэмія Іўрыта. Такі атавізм — лексікографы, якія сядзяць у кабінетах і прыдумваюць адпаведнікі новым словам. Скажам, з'явіўся значок @ - Акадэмія абвесціла, што на іўрыце гэта будзе "крухіт". Але ў Ізраілі ўсе кажуць «штрудэль», бо падобна да закручанага пірага. І гэта зацвердзілася ў іўрыце. Таму што жывой мове не загадаеш.

Чаму я пішу пра іўрыт беларусам сёння? Таму, што мяне часта просяць расказаць пра курсы "Мова ці кава". Ці яны каму патрэбныя і навошта людзям сёння беларуская мова, якая "памірае"? Насамрэч, я не маю адказа на гэтае пытанне. Патрэбу ў беларускай ў мове — цяжка абмежаваць логікай ці прагматызмам. Гэта не паддаецца тлумачэнню. Я толькі ведаю, што патрэбны прафесіяналы, патрыёты, фанатыкі, наіўныя ўтапісты і, вядома, рамантыкі...

Даведка UDF.BY. Тэлежурналістка "Первого канала" (Расія) Кацярына Кібальчыч, якая нарадзілася і вырасла ў Мінску, сёлета запачаткавала курсы “Мова ці кава”. Курсы для тых, хто цікавіцца і любіць беларускую мову, якую праходзяць і ў Мінску, і Маскве за кубачкам кавы.

Кацярына Кібальчыч — лаўрэат прэміі "Залатое пяро Расіі-2010" у намінацыі "Спецыяльны карэспандэнт". Уганараваная за серыю рэпартажаў на Першым расійскім канале з "гарачай кропкі", якой у снежні 2010 года стала Беларусь.

Кацярына Кібальчыч – рэжысёр дакументальнага фільма "Беларуская мара", стужкі пра выжыванне беларусаў ва ўмовах дыктатуры з фіналам на Плошчы-2010.

Свій новы праект, які набыў папулярнасць у дзвюх сталіцах, пад двухсэнсоўнай назвай "Мова ці кава" Кацярына Кібальчыч звязвае з падзеямі 19 снежня 2010 года:

"Я добра памятаю тую салідарнасць, якая была ў першыя месяцы пасля Плошчы, але зараз як быццам нічога ад таго і не засталося; нават дадаліся перапалкі на нацыянальнай глебе. Адны пішуць, а паважаная газета друкуе, што расійскамоўныя беларусы — гэта другі гатунак, а другія рагочуць са слова "пытаннечка". Ажно хочацца над усім гэтым узняць белы сцяг. Чаму я ўвогуле вырашыла рабіць такі праект? Нядаўна чытала апытанне мінскіх студэнтаў: чаму яны не размаўляюць на роднай мове? І там часцей за ўсё фігуравалі два адказы. Найперш, мы не ведаем добра мовы, таму размаўляць саромеемся (то бок, не мовы самой саромеюцца людзі, а саромеюцца дрэнна размаўляць). Другая прычына — проста няма з кім размаўляць. І мне здаецца, што курсы беларускай мовы для трасянкамоўных ці расійскамоўных беларусаў вырашаюць абедзве гэтыя праблемы".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров