Хто купіць былыя шляхецкія маёнткі і верне іх да жыцця?

"Народная газета"

"Прадаецца палац. Пачатак XIX стагоддзя. Пачатковы кошт – адна базавая велічыня" – такія аб'явы неўзабаве могуць з'явіцца і ў нашай газеце. Колішнія шляхецкія сядзібы, якіх асабліва многа засталося ў заходніх раёнах Беларусі, сёння пустуюць.

Пасля 1939 года будынкі, дзе некалі мясцовыя арыстакраты збіралі карцінныя галерэі і ладзілі балі, занялі школы, бальніцы, праўленні калгасаў. А цяпер, калі некаторыя вёскі абязлюдзелі, установы закрыліся. Помнікі архітэктуры і гісторыі стаяць з пазабіванымі вокнамі. Мясцовыя ўлады паціху выстаўляюць "бясхозныя" аб'екты на аўкцыёны. Але хто іх купіць?

Вар’яцкі свяцкі дом

Да нядаўняга часу тыя будынкі, якія лічацца помнікамі архітэктуры, увогуле нельга было перадаваць з-пад дзяржаўнага крыла ў прыватныя рукі. Але 13 мая ў інтэрв’ю Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка запэўніў, што цяпер заканадаўства дазваляе здаваць гэтыя аб’екты ў канцэсію. "Аднак прапаноў ад інвестараў пакуль што не было. Рэальных прыкладаў такога супрацоўніцтва таксама не было", — зазначыў ён.

Заканадаўства таксама дазваляе выстаўляць аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, на аўкцыён — нават за 1 базавую велічыню! Магчыма не толькі канцэсія (удзел прыватнага капіталу ў кіраванні і выкарыстанні дзяржаўнай маёмасці), але і перадача аб’екта ў поўнае карыстанне новаму ўласніку.

На жаль, амаль усе спробы прадаць, перадаць, уратаваць помнікі архітэктуры ад гібелі з дапамогай прыватнага капіталу пакуль канчаліся нічым.

Вось ужо чацвёрты год пустуе палац у Свяцку Гродзенскага раёна. Больш за два стагоддзі таму яго пабудавалі ў стылі барока магнаты Валовічы. Сёння гэта не глуш, а вельмі выгаднае месца — 20 кіламетраў да абласнога цэнтра, 12 — да Аўгустоўскага канала. Леташнім снежнем прайшоў аўкцыён. 16,5 мільярда рублёў прасіў Гродзенскі раён за маёнтак, збудаваны па праекце італьянскага дойліда Джузэпэ Сака (не блытаць з вядомымі ў савецкі час амерыканскімі героямі рабочага руху Сака і Ванцэці!). На жаль, аказалася, ніхто не хоча ўзвальваць на свой карак такі вялікі аб’ект.

— Таргі не адбыліся. Не знайшлося жадаючых у іх удзельнічаць, — разводзіць рукамі Наталля Рамановіч, спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама.

— Што далей чакае будынак?

— Яго пільнуе вартаўнік, палацавы комплекс па-ранейшаму застаецца на балансе аддзела адукацыі Гродзенскага райвыканкама. І зноў рыхтуюцца дакументы на чарговы аўкцыён. Паводле закона, кошт непрададзенага аб’екта мусіць быць ужо меншы.

У Гродзенскім райвыканкаме лунала ідэя знайсці апекуна гістарычнага будынка ў асобе якой-небудзь заможнай дзяржаўнай арганізацыі. У СМІ нават прасачылася інфармацыя, што такім "фундатарам" нібыта згадзіўся стаць Нацыянальны банк.

Але Анатоль Драздоў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнай скарбніцы краіны, не пацвердзіў гэтую пагалоску: "Усе разглядаюць Нацыянальны банк як "вялікі кашалёк", мабыць, таму і з’яўляюцца такія чуткі. На самай справе пытанне Свяцка ў нас не разглядалася".

Былы ўласнік панскага дома — Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі хворых на туберкулёз пакінуў будынак не ў крытычным стане, але ўжо каторы год шыкоўны інтэр’ер палаца пакрываецца цвіллю, а звонку сыплецца тынк і сырэе цэгла. У польскія часы тут быў санаторый для... вар’ятаў, але асаблівы — для віп-кліентаў з ліку эліты. Магнацкая рэзідэнцыя ў Свяцку, якую ў маштабах паўночна-заходняй Беларусі параўноўваюць з замкам Радзівілаў у Нясвіжы, сама ўжо патрабуе лячэння. А доктар усё не ідзе...

Усё змяшалася ў палацы Умястоўскіх

Палац Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна (пад самай літоўскай граніцай) параўноўваюць з Лазенкамі — славутай рэзідэнцыяй польскіх каралёў пад Варшавай. Уласна, на ўзор Лазенак і будаваўся беларускі маёнтак.

Некалі тут віравала жыццё, а сёння — цішыня. Нават паштовае аддзяленне, якое тут размяшчалася, пакінула аварыйны будынак. Чаму "каралеўскі" палац занядбаны?

— Няма Мястоўскіх, — красамоўна, з мясцовым акцэнтам адказала мне тутэйшая жыхарка, што ішла з касцёла. — Няма гаспадара, няма каму глядзець...

Я пазваніў у Іўеўскі райвыканкам. Аляксей Мелінец, першы намеснік старшыні выканкама, паведаміў, што спачатку палац належаў калгасу "Жамыслаўль". Пасля далучэння гэтай гаспадаркі да суседняга СВК "Суботнікі" новыя ўласнікі сталі радзіцца, як уратаваць помнік гісторыі. Вырашылі: трэба знайсці новага гаспадара, бо за сельскія капейкі падняць панскі дом не ўдасца.

Са слоў кіраўніка СВК Уладзіміра Ліхарада, у маі мінулага года да яго прыехалі людзі са сталіцы, якія прапанавалі набыць сядзібу Умястоўскіх, каб зрабіць тут затым цэнтр аграэкатурызму. Мінчане паабяцалі ўвесь клопат па афармленні папер узяць на сябе. Яны нібыта нават атрымалі дазвол у Міністэрстве культуры на набыццё палаца. І СВК прадаў "маёнтак" па так званым астаткавым кошце — за 12 мільёнаў рублёў. Аднак цяпер у Міністэрстве культуры сцвярджаюць, што не давалі дазволу на продаж.

Паводле заканадаўства, пры пераходзе нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці з адной формы ўласнасці ў другую павінна праводзіцца яго ацэнка Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры. Выканаўца гэтых работ — інстытут "Белпраектрэстаўрацыя". Аднак Уладзімір Грыдзюшка кажа: "Ацэнкі згаданага будынка мы не праводзілі. А дазволу на змену ўласніка Міністэрства культуры таксама не давала".

Спадара Ліхарада вінавацяць у заніжэнні кошту прада-дзенага палаца, а таксама ў "парушэнні службовых абавязкаў з карыслівымі або іншымі мэтамі". Вядзецца расследаванне справы. Чыноўнікі неахвотна каменціруюць сітуацыю: "Вы, журналісты, задаяце надта многа пытанняў". Але мы будзем сачыць за сітуацыяй. Бо відавочна: прагалы ў заканадаўстве, адсутнасць прэцэдэнтаў продажу помнікаў дойлідства ў прыватныя рукі — вось што стала прычынай неразбярыхі.

Сядзіба Умястоўскіх тым часам самотна чакае, калі ж чыесьці клапатлівыя рукі падтрымаюць яе, састарэлую і хворую, пакуль яна яшчэ стаіць на беразе Гаўі...

Аляксандраўшчынскі "маяк"

"Жамыслаўская справа" між тым можа напалохаць улады ў іншых месцах краіны і не даць ім рэалізаваць папярэднія дамовы з патэнцыяльнымі інвестарамі, якія гатовы аднавіць забітыя і забытыя сядзібы.

Палац у вёсцы Аляксандраўшчына Зэльвенскага раёна да 2003 года быў школай. Дагэтуль ключы ад дома трымае ў сябе былы дырэктар СШ Валянціна Нагула. Яна праводзіць мяне па пакоях, дзе некалі жыла пані Белянкова, або па-мясцоваму Белянчыха. Пра тыя часы, зрэшты, мала хто што памятае.

— Я спрабавала нешта пашукаць у гродзенскіх архівах, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — Але трэба ведаць польскую мову ды мець кучу грошай.

Экс-дырэктар даглядае двор, засаджаны елкамі і каштанамі, упрыгожаны драўлянымі скульптурамі, змайстраванымі некалі шкалярамі, і вельмі баіцца, што маёнтак у яе адбяруць і аддадуць камусьці чужому: "Хай мне прададуць — я зраблю тут турысцкую базу".

Але спадарыня Нагула наўрад ці мае тыя самыя грошы, каб правесці сур’ёзную рэстаўрацыю.

— Працэдура перадачы сядзібы ў прыватныя рукі складаная, — тлумачыць Валянцін Семяняка, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама. — Мусіць быць зроблена ацэнка будынка, затым яго выставяць на аўкцыён. На жаль, раён не мае сродкаў на аднаўленне помніка архітэктуры. Таму і шукаем альтэрнатыву ў выглядзе прыватнага капіталу. Але мы не спяшаемся "збыць" дом. Па-першае, яшчэ не заявілі пра сябе прэтэндэнты, мы толькі вя-дзём перамовы з магчымымі пакупнікамі. Па-другое, той, хто набудзе сядзібу, павінен зрабіць яе навуковую рэстаўрацыю, а таксама прынесці прыбытак не толькі сабе, але і рэгіёну.

Унутры шляхецкага дома тым часам усё застаецца, як у школьныя часы. Пад галасы з радыёкропкі, якая тут ніколі не змаўкае, сумуе зубр у кутку прыроды, чакае ды, мабыць, ужо не пабачыць сваёй майстрыхі ткацкі варштат у этнаграфічным музеі. На паліцах складзены сшыткі і дзённікі выдатнікаў навучальнай установы — яшчэ з 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Зэльвенскія ўлады чакаюць, калі знойдзецца надзейны чалавек, які запаліць святло для турыстаў у аляксандраўшчынскім "маяку".

Пан вярнуўся!

Так усклікнулі старажылы вёскі Бянюны, што ў Ашмянскім раёне, калі пабачылі каля тутэйшага дваранскага гнязда Аляксандра Варыкіша. Дырэктар адной з мінскіх турфірм з’явіўся ў забытым богам паселішчы ў старасвецкім шляхецкім строі. З вёскі пан Аляксандр ужо зрабіў магніт, што прыцягвае падарожнікаў, якія вандруюць паміж суседнімі "раскручанымі" Крэвам ды Гальшанамі.

— Тут багаты на гісторыю край, але да нядаўняга часу турысту не было дзе спыніцца не толькі каб падсілкавацца, але і акунуцца ў атмасферу сярэднявечча, — разважае спадар Варыкіш, дасведчаны экскурсавод. — Так, руіны замкаў — гэта цікава, але вандроўніку трэба пабыць яшчэ ў шкуры чалавека мінулага. Мы даём такую магчымасць: пажыць у сапраўдным доме беларускага арыстакрата, пакаштаваць стравы з яго стала.

У бянюнскай сядзібе на першым паверсе захаваліся масіўныя скляпенні, як у Мірскім замку, а другі паверх — драўляны, як у сапраўднай беларускай хаце. За акном — ліпавыя і кляновыя прысады, сажалка. Хоць здымай кіно! Варыкіш жа ладзіць тут рыцарскія турніры, каралеўскія балі. Гэта, бадай, самы ўдалы праект уратавання былой сядзібы і пры-стасавання яе пад сучасныя патрэбы. Прычым уласнік не толькі нічога не змяніў у вонкавым выглядзе будынка, але і аднавіў яго ў рамантычным стылі — акурат як у Караткевічавым "Дзікім паляванні караля Стаха": "Палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх рамах".

Варыкіш збірае ў мясцовых жыхароў старасвецкую мэблю. Ну а сакрэт "лёгкага" ўладкавання сядзібы такі. Бянюнскі дом (да 1998 года — школа) не лічыцца ў дзяржаўным спісе гістарычных помнікаў. Аўкцыён па продажы "маёнтка" прайшоў у 2007 годзе. Новы ўласнік заплаціў 25 мільёнаў рублёў. Раённыя ўлады атрымалі гарантыі таго, што будынак бу-дзе адноўлены з карысцю не толькі для прыватніка, але і для народа.

Спадар Варыкіш сведчыць: "Сядзіб, якіх няма ў дзяржрэестры помнікаў, у Заходняй Беларусі — дзесяткі. Зайдзіце на які заўгодна сайт па архітэктуры — знойдзеце шляхецкі дом на любы густ". Такім чынам, у краіне ёсць вялікі патэнцыял гістарычных помнікаў, якія можна было б выкарыстоўваць і ў турызме, і ў іншых відах гаспадарання. Застаецца адкрытым пытанне: адкуль прыйдуць рызыканты, якія пачнуць укладваць грошы ў руіны, калі яшчэ ёсць "дзіркі" ў заканадаўстве? Пакуль такіх энтузіястаў, як бянюнскі "пан", — адзінкі. Яшчэ больш турбуе: ці датрываюць некаторыя з помнікаў, як у Жамыслаўлі і Свяцку, да сваіх эпох рэнесансу, да прыходу сапраўдных руплівых і сумленных гаспадароў?!

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров