Жывёл забіваюць на вачах у людзей

bulletinonline.org

Беларускія абаронцы жывёл настойваюць, што ў іх падапечных ёсць натуральныя правы, у тым ліку права на жыццё. Работнікі жыллёва-камунальнага прадпрыемства "Светач" г. Светлагорска Гомельскай вобласці лічаць іначай.

У светлагорскую газету звярнулася адна з жыхарак мікрараёна Маладзёжны, якая распавяла наступнае:

– У падвале нашага дома вялі адлоў кацянят, што нарадзіліся ад бяздомнай коткі. Калі я спусцілася, каб па просьбе суседкі адчыніць дзверы ў падвал, то ўбачыла, што ў мяшку перад дзвярыма ляжыць котка. У гэты ж мяшок адзін мужчына паклаў кацяня. Другі мужчына лавіў і забіваў кацянят каля бака для смецця. Адно кацяня падстрэлілі проста на дварэ. А тое кацянё, што было ў мяшку, спачатку "плакала", а потым – не ведаю, што з ім зрабілі – рэзка перастала… Выбеглі людзі, пачалі крычаць, што вакол шмат дзяцей, каб не рабілі ўсяго гэтага прылюдна, але старшыня нашага КІЗа (кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў – кар.) падышла да іх і сказала, каб не перашкаджалі працаваць.

Абаронцы жывёл кажуць, што знішчэнне бяздомных жывёл супярэчыць практыцы, прынятай у еўрапейскіх краінах і ЗША. Але здарэнне ў Светлагорску сведчыць пра тое, што не выконваюцца патрабаванні нават беларускага заканадаўства. Існуе Пастанова Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 29 снежня 2001 г. "Аб зацвярджэнні Палажэння пра парадак дзейнасці арганізацый па адлову, адстрэлу і эўтаназіі бездаглядных жывёл у Рэспубліцы Беларусь".

Палажэнне прадугледжвае, што пры правядзенні гэтай працэдуры трэба кіравацца прынцыпамі гуманнасці. Адлоўленыя жывёлы павінны ўтрымлівацца пяць дзён у спецыяльна абсталяваных памяшканнях. Арганізацыя, якая ажыццяўляе адлоў, павінна прыкладаць намаганні па пошуку гаспадароў злоўленых жывёл. Закон вызначае паняцце "эўтаназія" як спосаб, які не прыносіць жывёле пакутаў. На выкананне дадзенага Палажэння выдзяляюцца і адпаведныя грашовыя сродкі. Куды насамрэч яны дзяюцца – гэта яшчэ адно пытанне.

Трэба адзначыць, што ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 15.45 "Жорсткае абыходжанне з жывёламі". Паводле гэтага артыкула, жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое выклікала іх гібель або калецтва, а роўна катаванне жывёл, караецца штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь альбо арыштам. Аднак праваахоўныя органы Светлагорска пакуль не адрэагавалі на паведамленне ў прэсе пра забойства жывёл.

поделиться

Новости по теме

    Што зменіцца ў выбарчым заканадаўстве?

    Еўрасаюз схіляе Беларусь да рэфармавання выбарчага заканадаўства. Паводле слоў прэс-сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка, група, якая будзе займацца ўнясеннем гэтых зменаў, ужо створаная і нават працуе над новым заканадаўствам.подробности

Новости партнёров