У Гродне пануе схаваная карупцыя

"Еўрарадыё"

Карупцыя існуе ў Гродзенскай вобласці, лічаць 70% яе жыхароў. Даследаванне на тэму сацыяльных ўяўленняў аб карупцыі паводле ініцыятывы абласной пракуратуры правялі спецыялісты ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкаму.

У той жа час высветлілася, што многія не ведаюць, што такое карупцыя. Напрыклад, пятая частка рэспандэнтаў лічаць "нячыстымі на руку" дырэктараў прадпрыемстваў, бо тыя атрымліваюць вялікі заробак. У той жа час амаль 30% апытаных адным са спосабаў барацьбы з хабарніцтвам назвалі падвышэнне акладаў чыноўнікаў.

А вось асобу на пасадзе, якая атрымлівае ўзнагароджанне за тое, што дапамагае фірме падпісаць выгадны кантракт, рэспандэнты не аднеслі да парушальнікаў. Нармальнай яны лічаць і сітуацыю, калі пацыент плоціць медперсаналу. Толькі 1,2% назвалі гэта хабарам, большасць (58,6 %) — удзячнасцю.

Такім чынам, жыхары Гродзенскай вобласці часцей ўспрымаюць хабарніцтва як механізм сацыяльнага ўзаемадзеяння, а не выхад за рамкі закону. Такую выснову зрабілі спецыялісты.

Ну а каб змагацца з карупцыяй, у першую чаргу трэба спрасціць працэдуры афармлення дакументаў. Так лічаць амаль палова рэспандэнтаў.

У апытанні ўдзельнічала 169 чалавек з Гродна, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў ва ўросце ад 30 да 65 гадоў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров