Па ўзроўню жыцця Беларусь абагнала Зімбабвэ і Нігерыю

Радыё Свабода

Паводле аналітычнага цэнтра "Legatum" у Лондане, найбольш заможнай і найбольш дэмакратычнай краінай у свеце з'яўляецца Фінляндыя.

Беларусь у гэтым рэйтынгу сусветнага дабрабыту (Legatum Global Prosperity Index) займае 85 месца на 104 даследаваныя краіны.

Гэта трэці рэйтынг сусветнага дабрабыту, які складаецца лонданскім аналітычным цэнтрам "Legatum".

Каб вызначыць узровень дабрабыту і заможнасці ў свеце, аналітыкі "Legatum" бяруць пад увагу не толькі чыста эканамічныя паказнікі жыцця ў паасобных краінах, але і шырокі спектр палітычна-сацыяльных чыннікаў, уключна са ступенню дэмакратычнасці інстытутаў дзяржавы, узроўнем адукацыі, аховай здароўя, бяспекай грамадзянаў, даверам да ўраду, узроўнем асабістых свабодаў у грамадстве і жыццяздольнасцю розных грамадскіх супольнасцяў.

Першы дзесятак "найлепшых для жыцця" краінаў свету, паводле рэйтынгу "Legatum", выглядае наступным чынам: Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя, Данія, Нарвегія, Аўстралія, Канада, Нідэрланды, Злучаныя Штаты, Новая Зеландыя.

Апошні дзесятак рэйтынгу, які ахоплівае агулам 104 краіны з 90 адсоткамі сусветнага насельніцтва, выглядае так: Кенія, Алжыр, Танзанія, Нігерыя, Пакістан, Камерун, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Йемен, Судан, Зімбабвэ.

Месцы суседзяў Беларусі: Польшча (29), Латвія (32), Украіна (61), Расія (69). Літвы ў гэтым рэйтынгу няма.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров