Беларусы купляюць менш ежы

"Еўрарадыё"

Сярэдняя пакупка ў мінскім гіпермаркеце складае ўсяго 11 тысяч. Толькі продаж мяса знізіўся амаль удвая. Крамы скардзяцца на зніжэнне таваразвароту і адзначаюць, што людзі з далікатэсаў пачалі пераходзіць на гарніры.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, на колькі змяніўся сярэдні чэк у прадуктовых крамах за апошнія 3 месяцы. Кошты выраслі, аднак сумы, якія беларусы трацяць на ежу, засталіся на тым жа ўзроўні, што і раней. Адпаведна, купляць ежы мы сталі менш.

Так, у мінскім гіпермаркеце "Гиппо" Еўрарадыё распавялі, што сярэдні чэк у іх крыху вырас і складае цяпер… каля 11 тысяч рублёў!

"Гиппо": "Сярэдняя пакупка ў нас тысяч 10, 11, 12. Яна вырасла толькі за кошт росту цэн. Зразумела ўсё вырасла, і расце ўсё за кошт росту цэн, а не за кошт павелічэння пакупкі".

На думку эканаміста мінскага ўніверсама "Цэнтральны" Галіны Жандаравай, людзі цяпер проста не могуць набываць тое, што куплялі раней.

Галіна Жандарава: "Зразумела, што цэны выраслі. Таму я лічу, што людзі сталі трошкі менш набываць. Таму што ў супастаўляльных цэнах, калі пералічваць з індэксам цэн, у нас росту таваразвароту няма. Нават трошкі і знізіўся. Як можна больш набываць, калі заробак ні ў каго не вырас? Можа раней чалавек мог далікатэсаў усялякіх сабе дазволіць больш, а цяпер, напэўна, менш. Ці можа меншыя аб’ёмы чагосьці. Напрыклад, гарніру больш ядуць, мяснога менш, што яно больш падаражала".

У краме "Палессе" продаж мясных вырабаў знізіўся ўдвая. Пры гэтым сярэдні чэк застаўся ранейшым.

"Зразумела, таваразварот знізіўся, таму што зменшылася пакупніцкая здольнасць
, — тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік гандлёвага аддзела "Палесся" Наталля Генелес. — Калі раней сасіскі набывалі па 500 грам, па 700, то цяпер па 300. Каўбасу таксама строга дазавана. Мясныя вяндліны — ўпала рэалізацыя. Зменшылася рэалізацыя сыроў".

У прамысловых таварах таксама назіраецца зніжэнне продажу. На думку кіраўніцы аддзела гандлю брэсцкага ЦУМа Таццяны Клюка, гэта адбываецца таму, што пакупнікі набылі шмат тавараў у студзені.

Таццяна Клюка: "Пакупніцкая здольнасць знізілася. Пакупнікоў менш стала. Гэта канешне ж. Напэўна той гандаль, які актыўна вёўся ў студзені, даў свой вынік хоць і не добры, але тым не менш. Тавары, якія дорага каштуюць цяпер менш запатрабаваныя, бо шмат тавараў было набыта менавіта ў студзені. Цяпер назіраецца запавольванне рэалізацыі вялікагабарытных тавараў".

Сума сярэдняга чэка залежыць ад раёна, і ад памераў крамы. Напрыклад, самы вялікі сярэдні чэк Еўрарадыё адшукала ў адной з буйных прадуктовых крам "Прэстана". Там пакупнік у сярэднім пакідае каля 23,5 тысяч рублёў. Самы маленькі паказчык – 8700 — у маленькай краме, каля студэнцкага інтэрната.

Еўрарадыё злавіла аднаго пакупніка, які толькі што выйшаў з крамы. Ён аддаў 22 тысячы рублёў, а набыць змог не так ўжо шмат прадуктаў:

Пакупнік: "Паўкілаграма сасісак, пачак замарожанай гародніны, 3 фаршыраваныя мясам дранікі, ёгурт, 0.2 соку і кола. Штосьці цяпер з дзіцём з’ядзім, штосьці пазней".

поделиться

Новости по теме

    Лекі па старых цэнах скончыліся

    У аптэках амаль скончыліся запасы лекаў па старых цэнах мінулага года. Новым коштам здзіўляюцца нават самі аптэкары. Першымі скончыліся ды падаражэлі самыя хадавыя прэпараты, якія не ляжаць доўга на паліцах.подробности

Новости партнёров