Пілуюць Севастопальскі парк

milinkevich.org, "Радыё Свабода"

Улады не адмовіліся ад намераў забудаваць паркавую зону ў цэнтры Мінска. Як паведаміла жыхарка раёна Валянціна Палікарпаўна, праз Севастопальскі парк да пляцовак, дзе маюць намер распачаць будаўніцтва, праводзяць новую цеплатрасу.

– Усё гэта робіцца пад выглядам рэканструкцыі. Будаўнікі шчыруюць і ні ад каго не хаваюцца. Прывезлі новыя трубы. Актыўна капаюць траншэю, на шляху якой усё нішчаць. Ужо спілавана каля 50 вялізных дрэваў!
– абураецца неабыякавая да лёсу парка жанчына.

Знішчаныя пяцідзесяціметровыя клёны таполі, бярозы. Паводле плану, на этапе будаўніцтва цеплатрасы высекуць 113 дрэваў.

У дэтальным плане пакуль жылыя будынкі не паказваюць. Але маштабы будаўніцтва інфраструктуры, якое распачалося на мінулым тыдні, сведчаць, што запланаваная вельмі грунтоўная забудова парку.

Намаганнямі грамадскай актывісткі зараз ўдалося часова прыпыніць працы. Прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю зрабілі будаўнікам такое прадпісанне. Працы прыпыненыя, пакуль будзе праводзіцца праверка.

– Мы прыйшлі на прыём да намесніцы старшыні КДК і заявілі, што гэтага так не пакінем, дойдзем хоць да прэзідэнта. У нас няма іншага выйсця, бо пракуратура бяздзейнічае, на ўсе нашы звароты дасылаючы адпіскі, – кажа Валянціна Палікарпаўна.

Рух "За Свабоду" падтрымлівае жыхароў у намаганнях абараніць парк і аказвае магчымую інфармацыйную і юрыдычную дапамогу грамадскім актывістам.

– Мы будзем і надалей дапамагаць мясцовым жыхарам у адстойванні іх законных патрабаванняў, арганізацыйна і юрыдычна суправаджаць мясцовых актывістаў. Мы спадзяемся на тое, што ўлады прыслухаюцца да меркавання людзей і спыняць гэтае беззаконне
, – кажа актывіст Руху, эколаг Юрась Меляшкевіч.

Нагадаем, змаганне жыхароў супраць незаконнай забудовы ландшафтна-рэкрэацыйнай водаахоўнай зоны доўжыцца амаль дзесяць год. Людзі звярталіся па дапамогу ў Адміністрацыю прэзідэнта, Камітэт дзяржкантролю, Мінпрыроды, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, але істотных вынікаў гэта не дало. Летась у чэрвені мясцовая ўлада арганізавала сход грамадзян нібыта для абмеркавання праблемы, на якім прадстаўнікі раённай адміністрацыі пераконвалі прысутных у неабходнасці "добраўпарадкаваць" парк. У выніку рэалізацыі запланаваных працаў частка парка будзе высечана.На гэтым месцы з'явяцца жылы дом, грамадскія туалеты, рэстаран, кафэ, адміністрацыйны будынак з паркінгам на 600 аўтамабіляў.

Паводле праціўнікаў рэканструкцыі парка, пры рэалізацыі зацверджанага Мінгарвыканкамам плана добраўпарадкавання будуць ссечаныя больш за паўтары тысячы дрэваў. Названы план прадугледжвае таксама закрыццё васьмі свідравінаў водазабору "Зеляноўка", якія забяспечваюць жыхароў раёна артэзіянскай вадой – на думку многіх, найлепшай у Мінску.

Пра пагрозу знішчэння Севастопальскага парку і зачыненне водазабору праінфармаваныя міжнародныя структуры. Сваю заклапочанасць пра лёс свідравінаў пітной вады ўжо выказаў Сусветны банк.

Напомнім, у 1995 годзе ў парку спрабавалі пабудаваць хрысьціянска-эвангелічны цэнтар, затым пачаць будоўлю элітных дамоў, але жыхары раёну, праводзячы кампаніі ў абарону парку, не дазволілі ажыцьцявіць тыя намеры.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров