У БАЖ адбудзецца чыстка шэрагаў

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

22 траўня адбудзецца VII справаздачна-выбарчы з’езд ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Гэтую дату вызначыла ў мінулым месяцы Рада арганізацыі. З’езд, як заўсёды, заслухае справаздачы Рады, Кантрольна-рэвізійнай камісіі і Камісіі па этыцы, а таксама абярэ кіраўніцтва арганізацыі на наступныя тры гады.

Зараз адбываецца вылучэнне дэлегатаў на з’езд. Выбары адбываюцца на сходах зарэгістраваных філій (якіх у БАЖ сёння 5) і на сходах сябраў БАЖ па месцы іх працы ці жыхарства.

Ужо прайшлі сходы ў Брэсце, Слуцку, Маладзечна, Віцебску, Крычаве, Оршы, Бабруйску, а таксама ў рэдакцыях газет "Народная воля", "Наша Ніва", "Товарищ", Радыё "Свабода" і "Новы час".

Кіраўнікі арганізацыі стараюцца прысутнічаць на ўсіх сходах — у тым ліку і рэгіянальных. "Для нас важна на месцы высветліць, у якіх умовах працуюць недзяржаўныя СМІ, і даведацца, які настрой пануе ў рэдакцыях і сярод журналістаў", — тлумачыць старшыня БАЖ Жанна Літвіна, якая прысутнічала на сходах у Віцебску, Оршы, Крычаве і ў рэдакцыях "Нашай Нівы" і "Новага часу".

Сходы сведчаць, што не губляе актуальнасці праблема недастатковай інфармаванасці сябраў арганізацыі пра яе дзейнасць, адзначае Жанна Літвіна.

"Мы вымушаныя канстатаваць, што пасля 13 з паловай гадоў існавання БАЖ, на жаль, у арганізацыі назапасіўся пэўны "баласт" — некаторыя людзі даўно сышлі з прафесіі, памянялі месца працы (асабліва ў тых рэгіёнах, дзе пазакрываліся выданні). Таму паралельна ідзе ўдакладненне кантактнай інфармацыі і ўзгадненне з кожным сябрам БАЖ яго намеру заставацца ў арганізацыі. Акрамя таго, ёсць праблема спажывецкага стаўлення да БАЖ. Частка людзей проста чакае нейкіх выгодаў для сябе і пры гэтым зусім не цікавіцца, чым жыве арганізацыя, не падтрымлівае ніякіх сувязяў з ёй. Я думаю, што гэта цягнецца яшчэ з савецкіх часоў…"
, — дадае Ж. Літвіна.

"Безумоўна, не ўсе ахвотныя маюць магчымасць паўдзельнічаць у нашых семінарах ці адукацыйных праграмах. Але ж у арганізацыі больш за 1000 сябраў, і ахапіць усіх нашымі мерапрыемствамі аб’ектыўна немагчыма. Большасць людзей з разуменнем ставіцца да гэтай сітуацыі", — працягвае думку намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, які наведаў сходы ў Брэсце і Бабруйску.

У Мінску праверкай кантактных звестак, а таксама зборам запазычанасцяў па унёсках займаецца напярэдадні з’езду сябра праўлення ГА "БАЖ" Сяргей Вазняк. "Я вельмі ўдзячная Сяргею Вазняку за дапамогу. Пакуль яго газета ("Товарищ") прыпыненая, ён пагадзіўся дапамагчы нам з арганізацыйнымі пытаннямі", — адзначае Жанна Літвіна.

Паводле старшыні БАЖ, найбольш творчая атмасфера пануе ў суполках і філіях тых рэгіёнаў, дзе захаваліся "жывыя" зарэгістраваныя СМІ і дзе людзі працягваюць займацца сваёй прафесіяй. "Там размова вядзецца ў прафесійным рэчышчы, бо людзі заклапочаныя доступам да інфармацыі, павышэннем сваёй кваліфікацыі, ростам прафесійнага майстэрства", — дзеліцца назіраннямі Жанна Літвіна.

Паводле Статуту арганізацыі, ГА "БАЖ" павінна праводзіць з’езды раз на тры гады. Апошні з’езд адбыўся 2 чэрвеня 2006 года.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров