Усё менш абітурыентаў жадаюць пісаць ЦТ па беларускай мове

Надзея Нікалаева, "Звязда"

Амаль 4 тысячы абітурыентаў прыйшлі ў пункты рэгістрацыі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання 1 чэрвеня. Гэта быў, дарэчы, апошні дзень, калі можна было атрымаць пропускі на цэнтралізаванае тэсціраванне.

Але ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў не здзіўляюцца такой вялікай колькасці людзей, якія адкладвалі свой візіт у пункты рэгістрацыі літаральна на апошні момант.

— Да сярэдзіны мая мы рэгістравалі прыкладна па 7 тысяч чалавек штодня, але затым актыўнасць з боку абітурыентаў зменшылася — да 4-5 тысяч. 3967 чалавек мы зарэгістравалі 1 чэрвеня, — расказаў журналісту "Звязды" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. — Ніколі яшчэ ў апошні дзень пункты рэгістрацыі не пуставалі. Хутчэй, нас здзіўляе іншае: кожны год знаходзіцца некалькі дзясяткаў маладых людзей, якія не зарэгістраваліся на цэнтралізаванае тэсціраванне ў вызначаныя дні. Тлумачэнні гучаць самыя розныя: не ведаў, забыўся, пераблытаў, хварэў, знаходзіўся за межамі краіны і гэтак далей. Быццам бы людзі знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме... І сёлетні год, на жаль, таксама не стаў выключэннем: "няпамятлівыя" тэлефануюць у Інстытут кантролю ведаў з просьбамі ўвайсці ў іх становішча і дазволіць ім зарэгістравацца. Маўляў, шкада губляць цэлы год і чакаць наступнай прыёмнай кампаніі... Аднак 1 чэрвеня пасля закрыцця пунктаў рэгістрацыі аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі была адключана, і мы ўжо нічым ім дапамагчы не можам.

Мікалай Фяськоў расказаў, што сёлета для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні зарэгістраваліся 117 768 чалавек, якія аформілі 327 886 пропускаў. Для параўнання: летась пра сваё жаданне паўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі на ўзроўні рэгістрацыі на ЦТ заявілі 141 555 чалавек. Такім чынам, колькасць прэтэндэнтаў на студэнцкі білет даволі істотна скарацілася. Вядома, скарацілася і колькасць выпускнікоў школ — да 59 тысяч, што на 6,4 тысячы чалавек менш, чым летась. Не варта забываць таксама, што сёлета ніжні парог тэставага бала для прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю быў павышаны, і ў Міністэрстве адукацыі нават падлічылі, што каля 30% абітурыентаў могуць яго не пераадолець. Між іншым, агульны прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі ў 54 ВНУ складзе ў 2013 годзе 79,3 тысячы чалавек: 30,5 тысячы чалавек плануецца прыняць на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і 47 тысяч — на платнае навучанне.

Паколькі беларуская мова працягвае здаваць сярод абітурыентаў свае пазіцыі, самай масавай дысцыплінай на ЦТ аказалася руская мова: на яе зарэгістраваліся 83 829 чалавек. А на беларускую аформілі пропускі ўсяго 33 564 чалавекі. Другой па масавасці стала матэматыка — больш як 76 тысяч ахвотных. На цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы было аформлена і выдадзена 35 756 пропускаў, па хіміі — 14 705, біялогіі — 24 658, геаграфіі — 1899. На тэст па англійскай мове зарэгістраваліся 23 389 чалавек, а на іспанскую мову — толькі 248. Грамадазнаўства ў пункты правядзення тэсціравання прыйдуць здаваць 8250 чалавек, сусветную гісторыю найноўшага часу — 1491, гісторыю Беларусі — 19 174.

Як вядома, ва ўсіх удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання ёсць права яшчэ падчас рэгістрацыі на ЦТ выбіраць, на якой з дзвюх дзяржаўных моў яны жадаюць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета пісаць тэст па гісторыі Беларусі на беларускай мове пажадалі ўсяго 18,8% ад агульнай колькасці тых, каму трэба здаваць гэты прадмет. У 2012 годзе аналагічны паказчык складаў 23,5% ад агульнай колькасці, а ў 2011 годзе — каля 33%.

Фізіку і матэматыку на беларускай мове будуць здаваць крыху больш як 5% удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання, геаграфію — 4,5 %, грамадазнаўства — каля 2%.

Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 14 чэрвеня. І першымі ў пункты правядзення ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія пажадалі здаваць родную мову.

Ці знойдуцца ахвотныя ў наступным годзе, цяжка сказаць, бо ў 2014 годзе змест тэстаў па беларускай мове будзе складацца ўжо з улікам новай беларускай арфаграфіі.

Новости по теме

    Адолелі спрошчаную праграму

    122 абітурыенты прайшлі ЦТ па беларускай мове на 100 балаў: у 2008 годзе такіх вынікаў было толькі 8. Аднак у гэтым годзе некаторыя раздзелы і тэмы былі проста выкінуты з тэставання, бо не ўсе абітурыенты мелі магчымасць іх вывучыць.подробности

Новости других СМИ