Губернатар-"эстэт" стварыў пажарную каманду на рэйках

regionby.org

Паводле прыхамаці старшыні віцебскага аблвыканкама усе гарадзкія аўтобусы будуць толькі зялёнымі, "маршруткі" – жоўтымі, тралейбусы –бела-блакітнымі.

А трамваі ўжо пачалі перафарбоўваць у ярка-чырвоны колер, і цяпер віцябляне жартуюць: "Гэта як пажарная каманда на рэйках".

Першыя чатыры трамваі, пабліскваючы свежапафарбаванымі чырвонымі бакамі, ужо раскатваюць па горадзе. На чарзе – астатнія вагончыкі, у тым ліку нядаўна закупленыя машыны, паводле завадскога стандарту пафарбаваныя ў зялёны. У трамвайна-тралейбусным парку кажуць, што іх перафарбоўка будзе парушэньнем ГОСТу, і тады вытворцы могуць адмовіцца ад бясплатнага ці льготнага гарантыйнага рамонту.

Але – зялёнымі мусяць быць толькі аўтобусы, а ніяк не трамваі! Гэтак вырашыў віцебскі губернатар Аляксандар Косінец, запатрабаваўшы, каб да першага чэрвеня ўсе віды гарадскога транспарту выглядалі аднатыпна. Маўляў, гэта трэба зрабіць, каб гараджане не блыталі транспартныя сродкі, чакаючы іх на прыпынках.

Ніводзін з апытаных віцяблянаў не змог успрыняць гэткую матывацыю ўсуръёз. Некаторыя новат крыўдзіліся: чаму губернатар лічыць іх нейкімі недавумкамі, не здольнымі ўцяміць, што тралейбусы па рэйках не ездзяць, а ў аўтобусаў нама "рожкаў", каб чапляцца да электрычных дратоў.

Аднак самымі пакрыўджанымі лічаць сябе працаўнікі аўтапаркаў ды іншых прадпрыемстваў грамадскага транспарту, які загадана уніфікаваць.

– Што гэта такое, навошта ўсе трамваі рабіць чырвонымі? – не можа пагадзіцца работнік ТТУ Валеры Зуеў. – Па-першае, чаму ўсё мусіць быць аднолькавым? А па-другое, гэтыя чырвоныя трамваі глядзяцца як пажарная каманда на рэйках. Неаднаразова бачыў: людзі шарахаюцца ад "прыгажосці". Ды яшчэ ж перафарбоўваюць машыны за дзяржаўны кошт! Няўжо ў горада ёсць лішнія сродкі?

Сапраўды, аўтапарку або трамвайна-тралейбуснаму ўпраўленню "абнаўленне" кожнай машыны каштуе 1,5-2 мільёны рублёў. Праўда, транспартныя сродкі прыгажэйшымі ад гэтага ня робяцца: стары жоўты венгерскі ікарус, пафарбаваны цёмна-зялёнай фарбай, выглядае проста змрочна. Бела-блакітны тралейбус глядзяцца бляклым. А яшчэ ж даводзіцца зафарбоўваць рэкламныя "карцінкі" на бартах машын, і гэта таксама стварае пэўныя праблемы. Бо за рэкламу на транспарце прадпрыемствы заплацілі грошы, а цяпер яе загадана замаляваць.

На перафарбаваных трамваях і аўтобусах свежай рэкламы пакуль што няма. Мажліва, гэта таксама ўказанне губернатара, з ініцыятывы якога пасажыры-віцябляне пасмейваюцца.

А вось уладальнікам маршрутных таксі зусім не да смеху. Каб перафарбаваць мікрааўтобус "Газэль" ці "Мерсэдэс" у жоўты колер, трэба выдаткаваць ад 500 да 1000 долараў. Дарэчы, жоўтымі загадана стацца і легкавікам-таксоўкам, хаця дагэтуль у якасці "знакаў адрозненьня" цалкам хапала жоўтай паласы.

Па цяперашніх эканамічна складаных часах на таксі жыхары Віцебску сталі ездзіць радзей, а вось грамадзкага транспарту чакаюць на прапынках цэлыя натоўпы. І разважаюць у іх пра тое, што гораду варта было б закупіць яшчэ некалькі машын, каб у час пік пасажыры змаглі без цісканіны і штурханіны паехаць дадому ці на працу. А зусім не пра колер аўтобусу, у які бывае проста ня ўбіцца.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров