Мемарандум гатовыя падпісаць не ўсе

"Мы"

Перафарматаванне апазіцыйных сілаў, пра якое багата гаварылася апошнім часам, збольшага ўжо адбылося. Прынамсі, што тычыцца тактыкі палітычнай барацьбы. Адно што што фармальна гэта яшчэ не аформілася. Але то, па ўсім, справа часу. І адбыцца гэта можа ў сувязі з намерамі АДС выпрацаваць і даць падпісаць усім сваім суб’ектам Мемарандум аб узаемадачыненнях апазіцыі з уладамі ў змененых ўнутры- і знешнепалітычных умовах.

Ідэя прыняцця такога дакумента належыць намесніку старшыні Партыі БНФ Віктару Івашкевічу:

- Нам неабходна сфармуляваць пазіцыю АДС адносна выканаўчай улады і даць ацэнку напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў персоне, якая займае цяпер пасаду кіраўніка дзяржавы. І даць падпісаць гэты дакумент усім суб’ектам. Калі высветліцца, што, напрыклад, як у Празе, адзін з суб’ектаў кааліцыі скажа: "Не, на гэта я пайсці не магу, таму што вырашыў не крытыкаваць прэзідэнта", і калі тое самае зробяць і іншыя суб’екты, то гэта выявіць іхнюю пазіціыю. Таму што на сённяшнім дзень склалася надта странная сітуацыя: усе як хочуць, так і выказваюцца. Нам трэба зацвердзіць выразную пазіцыю АДС.

Па сутнасці, тон гэтай заявы такі, што прапануецца чыстка меркаванняў і шэрагаў паводле загадзя зададзенай устаноўкі. Выяўленне ворагаў народу, але з пункту гледжання часткі апазіцыі. Прычым крытэрый навядзення парадку ў кааліцыі – не ідэалагічны грунт і нацыянальныя інтарэсы, а стаўленне да кіраўніка дзяржавы.

Больш разважліва ў інтэрв’ю сайту АДС выказаўся лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

- Такі дакумент павінен існаваць, але ён мусіць быць больш шырокага плану, чымсьці “падаваць руку прадстаўнікам улады ці не, альбо як іх называць”. Патрэбна вырзна сфармуляваць нашыя прынцыпы ўзаемадачыненняў з уладай у межах прынятай на апошнім Кангрэсе дэмсіл стратэгіі дыялогу. Трэба расшыфроўваць, што мы разумеем пад дыялогам. Ці з’яўляецца дыялогам нястрыманае супрацоўніцтва і пахвала ўлады? Ці ж мы уладу працягваем жорстка крытыкаваць, але ў той самы час гатовыя супрацоўнічаць па некаторых накірунках дзеля таго, каб вырашаць канкрэтныя праблемы, альбо зменшыць канфрантацыю ў грамадстве.

Але ж наколькі верагодна прапісаць у нейкім дакуменце фармулёўкі на ўсе выпадкі палітычных варункаў, улічваючы такую з’яву, як ацэначны суб’ектывізм? Ды ці такі дакумент – панацэя што да выхаду апазіцыі з ідэйнага і дзейнага крызісу?

У АДС даводзяць, што мемарандум прапануюць падпісаць не толькі суб’ектам кааліцыі, але і палітычным структурам, якія не ўваходзяць у яе. Каб выявіць "канструктыўную" (то бок, "нячэсную") і "непрымірымую" ("чэсную") апазіцыю.

"Мы" звярнуліся па каментар да Віктара Карняенкі, намесніка старшыні руху "За свабоду", уваходзячага ў АДС, але падпаўшага апошнім часам пад рэзкую крытыку яго лідэраў.

- У АДС шукаюць цяпер нейкую дзейнасць, але, апрача складання заяваў, пакуль нічога не прыдумалі. Па ўсім, руху гэта не будзе цікава, - заявіў Карняенка.

- Што да словаў Івашкевіча, то зразумела каго і што ён мае на ўвазе, калі кажа пра Прагу. Дык вось. Наконт таго, крытыкаваць ці не крытыкаваць Лукашэнку, і калі, у Івашкевіча мы пытацца не будзем. І ў самога Лукашэнкі таксама. Заслужыць, на нашую думку, дык будзем, натуральна, крытыкаваць, - кажа намеснік старшыні руху "За свабоду".

Рухаўцы прапануюць дэмакратам кінуць займацца "папяровай" палітыкай і пераходзіць да рэальнай дзейнасці дзеля павелічэння ўплыву на грамадства:

- Еўропа, ЗША не павінны быць галоўнай мэтавай аўдыторыяй апазіцыі. Дарэчы, на сустрэчах там просяць: "Толькі не расказвайце нам зноў, не плачце, як кепска. Мы ўсё гэта ведаем. Давайце канкрэтныя прапановы наконт дапамогі". Рух "За свабоду" будзе працягваць ўздымаць праблемы правоў чалавека, свабоды СМІ і так далей, але імкнуцца вырашаць практычнымі метадамі. Дэманстрацыя таго, што ў Беларусі не стае дэмакратыі, плёну не дасць. Гэта і так усім вядома. Трэба займацца рэальнымі праектамі. І мы гатовыя дзейнічаць у гэтых накірунках разам з усімі суб’ектамі дэмакратычных сілаў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров