Пралескоўскі: Рэпрэсіі спыніць нельга, бо іх няма

milinkevich.org

Мазырскі прыхільнік Руху "За Свабоду" атрымаў адказ на свае прапановы наконт пераадолення наступстваў сусветнага фінансавага крызісу, дасланыя ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Алег Пралескоўскі лічыць, што прапанова скараціць ідэалагічны апарат непрымальная, бо мае "антыдзяржаўны характар". На думку чыноўніка гэта зробіць дзяржаўную палітыку безабароннай. Абмежаванне заробкаў высокапастаўленым чыноўнікам і кіраўнікам, паводле Пралескоўскага, эканамічна неэфектыўнае.

Арыгінальныя думкі выказаў Алег Пралескоўскі наконт палітычных рэпрэсій. На думку чыноўніка, рэпрэсіі супраць дэмактывістаў спыніць немагчыма, бо іх, нібыта, няма. Кожны грамадзянін краіны карыстаецца ўсімі правамі і свабодамі згодна з Канстытуцыяй. Абмежаванні гэтых правоў чыноўнік звязвае выключна з клопатам пра правы іншых, мараль, грамадскі парадак і дабрабыт. На яго думку, наяўнасць апошняга з’яўляецца спрыяльная асновай для дзейнасці замежных інвестараў. Аднак жа, не бачна, каб у нас за апошнія дзесяць год назіраліся прыкметы інвестыцыйнага буму.

Прыхільнік Руху Павал Наздра ў сваім звароце да кіраўніцтва краіны сярод іншага прапанаваў скараціць ідэалагічны апарат, адмовіцца ад фінансавай падтрымкі БРСМ за кошт бюджэту, абмежаваць заробкі дзяржчыноўнікам і кіраўнікам прадпрыемстваў, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі, якія, на думку актывіста, перашкаджаюць эканамічнаму супрацоўніцтву з цывілізаванымі краінамі Захаду.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров