Франак Вячорка. Дзьве стратэгіі для БНФ

pbnf.org

Чым бліжэй прэзыдэнцкая кампанія, тым больш інтрыгаў і дыскусіяў. Чую адныя й тыя ж пытаньні: Як дзейнічаць, каб перамагчы? Каго падтрымаць перад прэзыдэнцкімі выбарамі?

Адну стратэгію прадстаўляе Аляксандар Мілінкевіч і яго арганізацыя. Ён прапануе даць Лукашэнку карт-блянш, забыцца на цяжкое мінулае, памірыцца й дружна пакрочыць у Эўропу. Маўляў, трэба ратаваць незалежнасьць Беларусі разам з Лукашэнкам, усё астатняе – правы й свабоды, дэмакратыя, справаздачная народу ўлада – другаснае.

Пайсьці па гэтым сцэнары – значыць прызнаць усьлед за Мілінкевічам, што ў Беларусі няма палітвязьняў; што сытуацыя з правамі чалавека і эканамічнымі свабодамі паляпшаецца; што ўлада ўжо ня нішчыць беларускую мову й культуру; што ўсё, што мы робім – намётавае мястэчка 2006 году, жывыя ланцугі, галадоўкі, сотні тысячаў распаўсюджаных улётак и газэтаў – было марным. Фронт адмовіцца ад уласнага кандыдата на прэзыдэнта й пойдзе пад Мілінкевіча. З аднаго боку, мы нібыта атрымаем шчодрую падтрымку, але зь іншага - страцім самастойнасьць і будзем залежнымі ад невядома чыіх рашэньняў.

Інакш кажучы, нам прапануюць узяць кольт і застрэліцца ў імя вялікіх пераменаў.

А.Мілінкевіч балянсуе паміж уладай і апазыцыяй.

З аднаго боку, ён спрабуе спадабацца Лукашэнку й Эўропе, падтрымлівае новую фразэалёгію рэжыму й эўрапейскіх чыноўнікаў, называе апазыцыю маргінальнай, адмоўчваецца па гарачых пытаньнях і адмяжоўваецца ад масавых акцыяў. Заявы Мілінкевіча ўжо прывялі да таго, што скарацілася міжнародная падтрымка адлічаных за палітычную дзейнасьць студэнтаў. Затое рэгіструюць рух "За Свабоду", Мілінкевіча ўключаюць у грамадзка-кансультацыўную раду пры адміністрацыі прэзыдэнта, і сам Лукашэнка адвешвае яму камплімэнт падчас свайго звароту да народу.

Зь іншага боку, Мілінкевіч як бы застаецца апазыцыяй. Вылучае сваю кандыдатуру на прэзыднта (у абыход вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў), аб'яжджае фронтаўскі й іншы дэмакратычны актыў, агітуе за сябе й за "новую лінію". Зьяўляюцца пасьлядоўнікі: у СБ публікуюць інтэрвію лідэра БСДП Анатоля Ляўковіча, які хваліць улады. Падобныя размовы гучаць і ў Фронце: а ці не пайсьці нам "пад Мілінкевіча"?

"Прагматычная" стратэгія зручная ня толькі частцы эўрапейскіх чыноўнікаў, якой надакучыла мець бяльмо ў выглядзе дыктатуры, але й самому лукашэнкаўскаму рэжыму. Найлепшы спосаб пазбыцца ворага – зь ім пасябраваць. Апазыцыю спрабуюць "прыручыць". Калі Лукашэнка гаварыў, што да яго прыходзяць апазыцыянэры й просяцца на працу, ён мог гаварыць праўду. Утвараецца кіраваная апазыцыя. Магчыма, ёй дадуць доступ да "Советской Белоруссии", БТ, пару мандатаў у парлямэнце й можа нават міністэрскія партфэлі. Але ці будзе яна самастойнай? Ці зможа выступіць у інтарэсах народу?

Другая стратэгія – фронтаўская – мае прынесьці незваротныя перамены і сапраўдную гарантыю незалежнасьці. Мы падтрымліваем далучэньне Беларусі да "Ўсходняга партнэрства", узмацненьне эўрапейска-беларускай супрацы, але на вызначаных умовах. Рэжым Лукашэнкі – недэмакратычны й нелегітымны. Удзел Лукашэнкі у Праскім саміце мог бы азначаць прызнаньне рэжыму. Эўропа мае выставіць кіраўніцтву Беларусі ясную ўмову: дэмакратычныя сілы павінны стацца раўнапраўным удзельнікам дыялёгу.

Сярод чыноўнікаў сярэдняга й ніжэйшага зьвяна, прамыслоўцаў і гаспадарнікаў, вайскоўцаў і бізнэсоўцаў і, галоўнае, моладзі сьпее незадаволенасьць. Падае ўзровень жыцьця. 2010 год – якраз напярэдадні выбарчай кампаніі. Нарастае грамадзкая напружанасьць. Па ўсёй краіне пашырацца акцыі пратэсту, страйкі й мітынгі, якія БНФ павінен браць пад кантроль. Скразное патрабаваньне – правядзеньне свабодных выбараў і адстаўка Лукашэнкі. Пад ціскам грамадзтва рэжым ідзе на саступкі й змушаны пачаць сапраўдны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі, прадстаўніком ад якіх будзе адзіны кандыдат у прэзыдэнты. Лукашэнка ня пойдзе на дыялёг, калі ня будзе грамадзкай актыўнасьці. Нам патрэбны чалавек, які ня кіне справу на паўдарозе й павядзе людзей да перамогі

БНФ абавязаная вылучыць партыйнага кандыдата. Лявон Баршчэўскі – дастойная фігура. Баршчэўскі працаваў у Вярхоўным Савеце, калі там быў і Лукашэнка, ведае яго балючыя кропкі. Баршчэўскі – адзіны апазыцыйны палітык, станоўчы рэйтынг якога пераважае адмоўны. Кандыдатуру Л.Баршчэўскага падтрымала мноства фронтаўскіх структураў, а таксама ІІІ Зьезд Моладзі БНФ. Іншае рашэньне можа прыняць толькі наступны Зьезд. Баршчэўскі валодае магутным палітычным аўтарытэтам і мае ўсе шанцы стаць адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў, а гэта ўжо палова перамогі.

Пры іншым раскладзе, калі трэба будзе саступіць, каб захаваць адзінства, дзейнічаем рашуча і крэатыўна. Трэба падтрымаць толькі таго кандыдата, які дэкляруе прынцыповую пазыцыю ў пытаньнях незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека, эўрапейскай інтэграцыі і г.д. і заявіць аб нелегітымнасьці рэжыму. А галоўнае – ня пойдзе па шляху калябарацыянізму.

За 4 месяцы вайсковай службы, праведзеныя ў кампаніі гомельскіх, магілеўскіх, столінскіх хлапцоў, я паглядзеў на дзейнасьць МБНФ звонку. Моладзь і ўсё грамадзтва шукае альтэрнатыву Лукашэнку й ня бачыць яе. І ня так важная асоба, колькі ейная пазыцыя і праграма дзеяньняў, як зрабіць жыцьцё лепшым. БНФ такую праграму мае.

"Ну калі вы ўжо зьменіце Лукашэнку," - амаль штодня пытаюцца саслужыўцы. Зрэшты, тое самае пытаюць і людзі, калі ходзім ад дзьвярэй да дзьвярэй. Калі БНФ пагодзіцца на калябарацыю з уладай, што мы скажам гэтым людзям? Што мы стаміліся змагацца й здаліся? Будзем расказваць казкі, што рэжым зьмяніўся й прыйшла лібэралізацыя? А як глядзець у вочы тысячам сваіх прыхільнікаў, якія чакаюць ад БНФ рашучых і актыўных дзеяньняў?

У верасьні адбудзецца партыйны Зьезд, на ім мае быць вызначаны фронтаўскі кандыдат на прэзыдэнта. Але яшчэ да Зьезду трэба правесьці дыскусію і вызначыцца наконт стратэгіі. Ёсьць тыя, хто спрабуе ўцягнуць Партыю БНФ у гульню пад Лукашэнку. Трэба быць пільнымі: у запале эмоцыяў не забыць, што фронтаўцы моцныя, пакуль разам і самі прымаюць рашэньні. Нельга дапусьціць, каб Партыяй БНФ – з добрымі намерамі ці хутчэй не – маніпулявалі звонку.

Франак Вячорка, лідэр "Моладзі БНФ"

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров