"Моладзь БНФ" павіншавала дзетак

dzedzich.org

1 чэрвеня, у дзень Абароны Дзяцей, "Моладзь БНФ" традыцыйна павіншавала маленькіх беларусаў з іхным святам. Акцыі адбыліся ў Віцебску, Берасьце, Магілеве, Наваполацку і Менску. У Менску моладзь перадала падарункі ў беларускамоўныя садкі.

- На гэты раз мы вырашылі адправіцца ў тыя садкі, дзе ёсць беларускамоўныя групы. У параўнанні з агульнай колькасцю садкоў і групаў у іх, беларускамоўныя сустракаюцца не так часта. А яшчэ меней тых, кіраўніцтва якіх згаджаецца прыняць падарункі для дзетак. Што гэта - жах?.. Зрэшты мы наведалі садкі №66 і №73 горада Мінска, павіншавалі дзяцей і падарылі ім балонікі, цукеркі, беларускія кнігі і дыскі з мультфільмамі, якія перакладзеныя на беларускую мову, - распавяла Мар'яна Вясінская.

- Дзеці - наша будучыня. І вельмі шкада, што беларускую мову нават у беларускіх групах пачуць амаль не ўдалося. Выхавальніцы, відавочна, праводзяць заняткі на беларускай мове і гэтым абмяжоўваюцца - у паўсядзённым жыцці яны аддаюць перавагу мове расейскай. Але мы спадзяемся, што нашыя падарункі дапамогуць дзецям палюбіць родную мову, адчуць ейнае багацце і хараство. Таксама хочацца пажадаць выхавальніцам адчування важнасьці таго, што яны робяць... - пракаментавала падзею Святлана Носава.

У Берасці "Моладзь БНФ" пры дапамозе сяброў "Дзедзіча" і руху "За свабоду" правяла акцыю. У першы дзень лета моладзь Берасця каля кінатэатра "Беларусь" арганізавала раздачу паветраных балонікаў, сцяжкоў і цукерак з лагатыпамі Белсата.

За некалькі гадзін свае падарункі атрымала каля 500 маленькіх дзяцей, якія проста акупавалі раздатчыкаў. Пасля пачалі падыходзіць людзі старэйшага пакалення і браць падарункі для сваіх дзяцей і ўнукаў. На некаторы час вуліца Савецкая, стала цалкам памаранчавай ад такой колькасці балонікаў. Дзеці, дружнымі памаранчавымі радамі сыходзілі ў садкі, а сінія сцяжкі віднеліся амаль на ўсіх дзіцячых калысках. Было вельмі прыемна бачыць мілыя ўсмешкі дзяцей, якія елі смачныя салодкія цукеркі.

У Віцебску актывісты "Моладзі БНФ" разам з актывістамі руха "Вольны шлях" павіншавалі дзетак у дзіцячым садку, падарылі цукеркі, балонікі, сьцяжкі. А далей накіраваліся ў горад, дзе віншавалі маленькіх жыхароў Віцебска.

Магілеў павіншаваў дзетак пры дапамозе тэлеканала "Белсат", у цэнтры горада маладзёны дарылі цукеркі, балонікі і сцяжкі з лагатыпам тэлеканала "Белсат"

Наваполацк перадаў у дзіцячыя садкі беларусія кнігі, дыскі з беларускамоўнымі мультфільмамі.

Нагадаем, што сённяшняе свята было заснаванае ў лістападзе 1949 года рашэннем сесіі Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Першы Міжнародны дзень Абароны Дзяцей быў праведзены ў 1950 годзе.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров