Ціск на астравецкага актывіста


Актывіст Руху "За Свабоду" Іван Крук з Астраўца паскардзіўся на неправамерныя дзеянні міліцыянтаў і супрацоўнікаў дзяржбяспекі ў абласную, Генеральную пракуратуру і Гродзенскае УКДБ.

На думку актывіста, які выступае супраць пабудовы Астравецкай АЭС, міліцыя і спецслужбы ажыццяўляюць адносна яго і ягонага аднадумца Мікалая Уласевіча аператыўна-следчыя мерапрыемствы, якія насамрэч маюць характар палітычнага пераследу.

− Мерапрыемствы мясцовых сілавых структураў накіраваныя на маю і Мікалая Уласевіча кампраметацыю сярод месцічаў у форме адкрытага запалохвання з боку мясцовых спецслужбаў, каб прымусіць нас спыніць распаўсюд нашых поглядаў сярод насельніцтва адносна будаўніцтва АЭС, – лічыць Іван Крук.

Маюцца на ўвазе незаконныя вобшукі па месцы жыхарства актывістаў 6-га і 12-га сакавіка, выманне 2-х асобнікаў газеты "Астравецкі веснік" і незаконнае затрыманне 4-га сакавіка падчас наведвання знаёмага ў в. Альхоўка Астравецкага раёна. Актывіста таксама абурае бяздзейнасць пракуратуры і міліцыі ў справе расследавання правакацый 9-га і 28-га лютага, калі невядомымі былі распаўсюджаны матэрыялы з паклёпамі і абразамі ў адрас Івана Крука і Міколы Уласевіча.

Актывіст у сваёй скарзе просіць даць прававую ацэнку дзеянням пракурора раёна, які выпісаў санкцыю на дагляд памяшканняў, супрацоўнікаў Астравецкага РАУС, якія рабілі вобшук і затрыманне, і супрацоўнікаў Астравецкага УКДБ, якія ажыццяўляюць незаконную сочку і праслухоўванне тэлефона актывіста.

Іван Крук таксама звяртаецца да СМІ з просьбай распаўсюдзіць іфармацыю пра неправамерныя метады працы спецслужбаў і праваахоўнікаў у адносінах да ўдзельнікаў антыядзернага руху на Астравеччыне.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров