Франака Вячорку здымалі для новага "блёкбастэру"?

pbnf.org

Старшыня Моладзі БНФ Франак Вячорка, відавочна, будзе аб'ектам чарговага паклёпніцкага прадукту БТ, брыгада якога 9 чэрвеня прыяжджала ў Мазыр рабіць сюжэт пра незаконна прызванага ў войска моладзевага лідэра.

У вайсковую частку супрацьпаветранай абароны, дзе ад студзеня служыць Ф.Вячорка, разам з тэлепрапагандыстамі зьявіўся палкоўнік-ідэоляг з Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Ён пагражаў Ф.Вячорку крымінальнай справай у сувязі з публікацыяй дзёньніку ў інтэрнэце. Гэта ня першая пагроза такога кшталту, адрасаваная палітычнаму прызыўніку.

Асноўнымі тэмамі сюжэту будуць дзьве. Па-першае, гэта стан здароўя Ф.Вячоркі. Але даказаць, што ён прыдатны да службы паводле здароўя, тэлепрапагандзе будзе цяжка. На вачох у заежджых ідэолягаў фэльчарка памерала салдату ціск. Вынік - 170/106. Паводле інструкцыі яна тут жа зрабіла яму іньекцыю процігіпэртэнзіўнага прэпарату, каб зьменшыць небясьпеку гіпэртанічнага крызу. Але здымкі, як нічога ніякага, прадоўжылі. Нагадаем, што мінулым летам Ф.Вячорка быў прызнаны непрыдатным да службы паводле стану здароўя, але ў студзені яму перапісалі ўсе заключэньні, а на мінулым тыдні гвалтам спынілі абсьледаваньне ў бабруйскім вайсковым шпіталі.

Па-другое, гэта інтэрнэт-дзёньнік на рэсурсе naviny.by. Прапагандысты будуць спрабаваць абвяргаць факты, апісаныя ў дзёньніку.

Тымчасам на адрасаваную ў чарговую інстанцыю скаргу на незаконны прызыў Ф.Вячоркі прыслаў адказ старшыня Менскага гарадзкога суду У.Р.Пуціла. Адказ адмоўны, усе рашэньні папярэдніх інстанцыяў прызнаныя правільнымі. Падаўца скаргі бацька пацярпелага В.Вячорка заявіў:

"Гэта тыповая адпіска, укладальнік якой нават ня даў сабе клопату сфармуляваць контраргумэнты й доказы. Прыклад: "Доводы надзорной жалобы о незаконности определения суда (...) не соответствуют обстоятельствам дела". Мы будзем падаваць скаргі пра відавочнае парушэньне закону, удзел спэцслужбаў, зьбіцьці, кайданкі, мэдычныя фальсыфікацыі ў наступныя інстанцыі й у міжнародныя структуры. Нельга дазваляць рэжыму пачувацца вечна беспакараным".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров