Заява сябраў БСПД (Г) Магілёва

bsdp.org

ЗАЯВА

сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) г.Магілёва
з нагоды ўсталявання бюста цару Расійскай імперыі Мікалаю ІІ у г.Магілёве


Мы, сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) г.Магілёва, выказваем занепакоенасць "падарункам" раёна Сакаліная Гара г.Масквы г.Магілёву ў выглядзе бюста апошняга манарха Расійскай імперыі Мікалая ІІ і маўклівай згодай кіраўніцтва нашага горада прыняць гэты "падарунак".

Мы лічым, што гэты "падарунак" з’яўляецца знявагай беларускага народа і мае палітычны падтэкст.

Мікалай ІІ з’яўляецца сімвалам самадзяржаўя, паняволення народаў, руйнавання нацыянальных культур і эканамічнага дабрабыту паняволеных краінаў.

З імем Мікалая ІІ звязаны такія падзеі, як Хадынка, Крывавая нядзеля, Ленскі расстрэл рабочых, габрэйскія пагромы.

Імя Мікалая ІІ неадлучна звязана з расійска-японскай вайной, з такім паняццем, як "Цусіма". Беларусы гінулі не толькі на сопках Маньчжурыі. Мікалай ІІ – адзін з падпальшчыкаў Першай сусветнай вайны. Дзесяткі тысяч беларусаў загінулі і сталі калекамі на яе франтах. Сотні тысяч беларусаў нагайкамі казакоў былі сагнаныя з родных сядзіб і адпраўлены ў "бежанства" ўглыб Расіі. Царскія слугі не спыняліся перад падпалам асобных хат і нават цэлых вёсак.

Цараванне Мікалая ІІ адзначана праследаваннямі, зняволеннем і ссылкаю ў Сібір выдатных дзеячаў беларускай культуры Якуба Коласа, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Каруся Каганца, Аляксандра Бурбіса, Івана і Антона Луцкевічаў, Алеся Гаруна, Язэпа Лёсіка, дзесяткаў іншых змагароў за лепшую долю народа. Навечна ў гісторыю ўвайшлі, такія вынаходкі мікалаеўскага часу, як "сталыпінскія вагоны" і "сталыпінскія гальштукі".

Прыняць гэты "падарунак" і ўсталяваць помнік Мікалаю азначае зняважыць нашых продкаў, якія змагаліся супраць расійскага царызму, а ўсталяваць яго ў Магілёве азначала б выказаць таксама знявагу да ўсіх жыхароў Магілёўшчыны, якія загінулі ў войнах, развязаных пры Мікалаю ІІ.

Уладам належала б падумаць пра помнік ахвярам расійска-японскай і Першай сусветнай войнаў, трэба паклапаціцца пра ўсталяванне помнікаў славутым землякам: Мікалаю Судзілоўскаму, Максіму і Гаўрылу Гарэцкім, Аркадзю Куляшову, Аляксею Пысіну, Аркадзю Смолічу і Івану Чыгрынаву.

Мы, сацыял-дэмакраты г.Магілёва, настойваем на тым, каб кіраўніцтва горада адмовілася ад гэтага "падарунка".

У сваю чаргу мы ініцыюем збор подпісаў жыхароў горада супраць усталявання помніка Мікалаю ІІ і рыхтуем інфармацыйную кампанію ў СМІ.

Cацыял-дэмакраты г.Магілёва

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров