Партыя БНФ пацьвердзіла адзінства

pbnf.org

Па выніках рашэньня рэвізійнай камісіі Партыі БНФ паміж старшынём Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім і адказным сакратаром Управы Партыі БНФ Уладзімерам Лабковічам падпісанае пагадненьне Дзеля партыйнага адзінства.

Старшыня Партыі БНФ паведаміў, што ў выніку падпісаньня пагадненьня Дзеля партыйнага адзінства зьнятыя непаразуменьні што да сходу 20 чэрвеня. "Гэтае мерапрыемства - дарадчы сход, якія склікае старшыня, - адзначыў Лявон Баршчэўскі. - Я хачу ўбачыць як мага больш фронтаўцаў, паглядзець ім у вочы, паразмаўляць, у тым ліку ў кулюарах. Сытуацыя ў краіне імкліва зьмяняецца, таму неабходна сабрацца ўсім разам і абмеркаваць існыя праблемы. Ніякіх парушэньняў ні Статуту Партыі БНФ, ні іншых партыйных дакумэнтаў падчас нарады ня будзе. Унутрыпартыйная дэмакратыя будзе захаваная".

Паводле пагадненьня, нарада 20 чэрвеня будзе ўключаць такія пункты парадку дня: эканамічны крызіс і праблемы сацыяльнай абароны людзей; пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі Беларусі; магчымы фармат удзелу ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Адказны сакратар Управы Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч заявіў, што вітае рашэньне рэвізійнай камісіі Партыі БНФ, якоя паслужыла нагодай для падпісаньня пагадненьня Дзеля партыйнага адзінства. "Пасьля рашэньня рэвізійнай камісіі Партыі БНФ, якая прызнала некаторыя рашэньні Сойму Партыі БНФ і загады старшыні неадпавядаючымі заканадаўству Рэспублікі Беларусь і Статуту Партыі БНФ, стварылася сытуацыя, найлепшым выйсьцем зь якой магло стаць толькі падпісаньне такога пагадненьня. Мерапрыемства 20 чэрвеня, ініцыяванае старшынём Партыі, адбудзецца. Але старшыня пагадзіўся памяняць яго фармат і парадак дня. Такім чынам, 20 чэрвеня адбудзецца нарада старшыні, якая носіць неабавязковы характар і вынікі якой ня могуць ніякім чынам уплываць на дзейнасьць Партыі БНФ. Таксама я вельмі ўсьцешаны, што зьнятыя пытаньні па сытуацыі ў моладзевай камісіі Партыі БНФ - Моладзі БНФ. Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пагадзіўся, што Моладзьдзю БНФ кіруе Рада Моладзі БНФ, і гэта здымае глебу для далейшых канфліктаў".

Уладзімер Лабковіч падкрэсьліў, што, паводле падпісанага пагадненьня Дзеля партыйнага адзінства, Зьезд Партыі БНФ, які адбудзецца 5-6 верасьня, вырашыць усе асноўныя ўнутрыпартыйныя пытаньні.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров