Жалезьнічэнка: "Войска дало па галаве цяжкай бітай"

Радыё "Свабода"

З пачаткам ліпеня салдат Зьміцер Жалезьнічэнка, былы студэнт-выдатнік, двойчы выключаны з унівэрсытэту за грамадзкую дзейнасьць і тэрмінова прызваны ў войска, адлічвае апошнія дні службы. Зьміцер даў Свабодзе інтэрвію перад "дэмбелем".

25 ліпеня Зьмітра Жалезьнічэнку павінны дэмабілізаваць з вайсковай транспартнай часткі, разьмешчанай у Жлобіне. Зьміцер расказвае, што ён прыдбаў, чаму навучыўся й што страціў у войску за паўтара года службы:

"Я, канечне, над гэтым шмат задумваўся. Склаў сабе сьпіс адпаведны — люблю ўсё парадкаваць. Гэта значыць, што я добрага з войска атрымаў і што дрэннага.

Усё — унівэрсытэты жыцьцёвыя. Войска дало такі першы штуршок па галаве цяжкай бэйсбольнай бітай, пасьля якога сам пачаў займацца. Гэта — дысцыплінаванасьць, стосы кніжак. У асноўным тое станоўчае, што я вынес з войска, я вынес таму, што сам гэтага хацеў. Не пад уплывам нейкіх вонкавых фактараў, а таму, што зразумеў: трэба самому сябе рабіць! Жыцьцё ідзе, і трэба не даваць яму марна праходзіць, трэба чымсьці займацца"
.

Увесь вольны час Жалезьнічэнка чытаў. Іншыя глядзелі тэлевізар, а ён — чытаў. Маці, Ала Фёдараўна, амаль кожныя два тыдні прывозіла патрэбныя кніжкі па матэматычным праграмаваньні й забірала прачытаныя.

"Пачаў цаніць больш блізкіх людзей. Трываньню навучыўся, безумоўна. Раней не было такіх магчымасьцяў сябе праверыць. Калі ты жывеш і ведаеш, што сёньня, заўтра й пасьлязаўтра ты ў войску будзеш — і нічога ня зьменіцца. Хочаш ня хочаш — трэба трываць, ня плакаць у падушку.

Навучыўся да сваёй уласнасьці абыякава ставіцца, бо калі, як у турме, шмон ранішні праходзіць, усё абсалютна з кішэняў правяраюць, у тумбачках, па тваіх рэчах прыватных чужыя рукі лазяць, пачынаеш да гэтых рэчаў ставіцца трошкі па-іншаму"
.

Зьміцер кажа таксама, што стаў больш дбаць пра свой вонкавы выгляд, прызвычаіўся да ашчаднасьці, шматгадзіннай працы безь перадыху й надзвычай пачаў цаніць волю:

"Волю, натуральна, пачаў таксама цаніць. Раней жыў, хадзіў па горадзе, ва ўнівэрсытэт хадзіў — здавалася, што гэта нармальна. А пасьля трапіў ва ўмовы, калі няможна проста куды-небудзь пайсьці. Ні сказаць пра тое няма каму, ні адзначыцца. Не было ў мяне магчымасьці самастойна выйсьці за браму і пайсьці куды хочаш. Першыя месяцы надзвычай хацелася на волю выйсьці.

Калі прызначалі ў начныя нарады, мог падысьці да КПП і глядзець на дарогу, якая перад ім ідзе. Там як бы нічога прыгожага няма, але там — воля. А тут — няволя"
.

Зьмітру за паўтара года не далі звальненьня нават на суткі — быў толькі прадугледжаны законам кароткатэрміновы водпуск дадому. Ён так і не прыняў прысягі. З гэтай прычыны яго не адпускаюць у горад нават тады, калі прыяжджаюць сваякі альбо знаёмыя.

Жалезьнічэнка, аднак, не шкадуе, што не прыняў прысягу. І не асуджае тых маладых дэмакратычных актывістаў, якіх нядаўна гвалтоўна забралі ў войска і якія прысягнулі:

"Без прысягі я адчуваў сябе больш абароненым. Гэта таксама паўплывала на мой выбар. Я прыйшоў першым у войска з тых хлапцоў, якія, я лічу, трапілі ў войска за свае палітычныя погляды. Гэта быў, прынамсі, першы такі публічны выпадак. Я ня ведаў, што са мною будзе, таму й не прымаў прысягу. Безь яе мяне ня маюць права на гаўптвахту пасадзіць.

Хтосьці іншы хацеў хадзіць у звальненьне, хтосьці лічыць службу ў войску ганаровым абавязкам, хаця я па сваёй службе гэтага ня ўбачыў. Таму лічу свой учынак слушным. І калі б была магчымасьць, я б яго паўтарыў.

Зь іншага боку, я не асуджаю гэтых хлопцаў. У кожнага, я думаю, былі свае матывы зрабіць тое, што яны зрабілі. Не абавязкова кожнаму чалавеку, які лічыць, што яго забіраюць у войска беспадстаўна, прысягу не прымаць"
, — сказаў Зьміцер Жалезьнічэнка.

поделиться

Новости по теме

    Зміцер Жалезнічэнка дзембельнуўся

    Зміцер Жалезнічэнка дэмабілізаваны. З войска ён павінен быў выйсці толькі 25 ліпеня, але кіраўніцтва жлобінскай вайсковай часткі адпусціла яго на два дні раней, каб прадухіліць сустрэчу на КПП Змітра журналістамі, сябрамі, сваякамі.подробности

Новости других СМИ