Беларускія аналітыкі пра выклікі еўрапеізацыі Беларусі

milinkevich.org

Выйшла ў свет кніга "Беларусь на шляху да аб'яднанай Еўропы", напісаная даследчыкамі з Беларусі у рамках выдавецкай праграмы Калегіуму Усходняй Еўропы з Уроцлава.

Гэта зборнік аналітычных артыкулаў пад агульнай рэдакцыяй вядомага польскага дыпламата, былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча, які напісаў уводзіны да кнігі, пазначыўшы, што збор артыкулаў мае мэтай паглыбіць разуменне сітуацыі у Беларусі, а таксама паспрыяць інтэлектуальным і арганізацыйным высілкам беларускіх і заходнееўрапейскіх экспертаў на шляху да адзінай Еўропы.

У кнізе, выдадзенай на ангельскай і польскай мовах, асветлены розныя аспекты ўзаемадачыненняў Беларусі і Еўразвяза, перспектывы палітычнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.

Сярод яе аўтараў Юры Чавусаў, Андрэй Фёдараў, Валеры Карбалевіч, Андрэй Ляховіч, Ігар Лялькоў, Юры Ліхтаровіч, Марыюш Машкевіч, Вячаслаў Пазняк, Алена Ракава, Ірына Віданава, Аляксандр Жучкоў, Міхал Залескі, Сяргей Нікалюк, Анатоль Лісюк, Марына Сакалоўская.

− Кніга знаёміць чытача са стартавымі пазіцыямі супрацоўніцтва Беларусі з Еўразвязам, якія мы маем на сённяшні дзень. Падрабязна асвятляюцца актуальныя праблемы супрацоўніцтва, якія трэба вырашаць, даецца ацэнка стану грамадскай супольнасці. У зборнік увайшлі артыкулы, прысвечаныя структуры кіроўнай эліты Беларусі, трансфармацыі грамадскай думкі, стану эканомікі Беларусі, ацэнцы ўжо рэалізаваных сумесных праграмаў Беларусі і ЕЗ, іх вынікаў, − кажа беларускі ўкладальнік кнігі Андрэй Ляховіч.

У заключнай частцы зборніка змешчаны артыкул Аляксандра Мілінкевіча, дзе абгрунтоўваецца неабходнасць і наспеласць еўрапейскага выбару для Беларусі, а таксама ягоныя выклікі і задачы. Лідэр Руху "За Свабоду", у прыватнасці, падкрэсліў:

− Беларускія праеўрапейскія сілы добра разумеюць магчымасці і выклікі, якія паўстануць перад адказным беларускім урадам на шляху інтэграцыі ў еўрапейскія інстытуты і працэсы. Мы толькі на пачатку гэтага шляху. Вяртанне ў Еўропу − няхуткая справа для беларусаў. Яно патрабуе намаганняў цэлага пакалення па ўдасканаленні палітычнай, эканамічнай, юрыдычнай і духоўнай сістэмаў нашага грамадства. Шмат якія краіны паспяхова прайшлі гэты шлях. Беларусь не выключэнне. Для нас няма альтэрнатывы еўрапейскаму дэмакратычнаму развіццю.

Бліжэйшым часам выданне будзе разасланае ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы краінаў Еўразвязу і НАТО, а таксама ў шэраг міжнародных урадавых і няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца беларускай праблематыкай.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров