Віцебскія актывісты занепакоеныя будаўніцтвам АЭС

by.milinkevich.org

Актывісты Руху "За Свабоду" з Віцебска падалі заяўку на правядзенне сходу грамадзян для абмеркавання пытання мэтазгоднасці будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі.

Па словах актывіста Руху "За Свабоду" Хрыстафора Жэляпава, у Віцебскай вобласці набірае моц антыядзерная кампанія. Актывісты Руху збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў з просьбай адмовіцца ад рашэння будаваць АЭС, якое прымалася без грамадскага абмеркавання, што патрабуе падпісаная Беларуссю Орхуская канвенцыя.

"Мы хочам, каб наша ўлада выконвала міжнародныя пагадненні, якія падпісвае. АЭС не можа быць лакальнай забудовай. Гэта праблема ўсенародная. І гутарка павінна весціся не пра адмову ад будаўніцтва станцыі ў Астраўцы, а пра адмову будаваць АЭС у Беларусі", – кажа Хрыстафор Жэляпаў.

Гэта ўжо трэцяя спроба актывістаў Віцебска атрымаць дазвол гарадскіх уладаў сабрацца і абмеркаваць пытанні, якія турбуюць грамадства. Першая спроба сабрацца была прымеркавана да ўгодкаў прыняцця Дэкларацыі па Правах чалавека 10 снежня мінулага года Другая – да 15-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сходы грамадзян, прымеркаваныя да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы, плануецца правесці ў 10 гарадах Віцебшчыны.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров