Мілінкевіч сустрэўся з Ежы Бузэкам

milinkevich.org

У суботу 8 жніўня ў мястэчку Нідзіца (Nidzica) адбылася сустрэча паміж лідэрам Руху „За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам і Старшынёю Еўрапейскага парляменту Ежы Бузэкам.

Палітыкі абмеркавалі эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі, пытаньні правоў чалавека, палітычных вязняў, стан СМІ і грамадзянскай супольнасці, праблемы рэгістрацыі палітычных партыяў і НДА, а таксама перспектывы супрацоўніцтва беларускіх праеўрапейскіх сілаў з Еўрапарламентам.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра мэты, задачы і падрыхтоўку да Беларускага Еўрапейскага Форуму. Ён таксама запрасіў Сп. Ежы Бузэка на Форум у якасці ганаровага замежнага госця.

- Я вельмі ўсцешаны вынікамі нашай сустрэчы, якая прайшла ў надзвычай цёплай, сяброўскай атмасферы. Ежы Бузэк запэўніў мяне, што аб’яднаная Еўропа зацікаўленая ў падтрымцы пазітыўных зменаў у Беларусі, а кантакты з беларускім грамадствам застаюцца важным прыярытэтам для яго. Ён выказаў спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва ў справе пашырэння еўрапейскіх каштоўнасцяў у Беларусі, - падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

Сёння, пасля планавай кансультацыі з доктарам, лідэр руху "За Свабоду" правядзе шэраг працоўных сустрэчаў у Варшаве.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров