Мінская рада БНФ не лічыць збор 29-30 траўня статутным

партал навінаў www.UDF.BY

17 траўня Мінская рада Партыі БНФ абмеркавала становішча ў Народным Фронце пасля прызначэння нечарговага з'езду для вызначэння фармату ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ды вырашыла пакінуць у сіле й падтрымаць рашэнне Мінскага сходу БНФ аб няўдзеле ў нестатутным мерапрыемстве.

Як вядома, цяперашняе кіраўніцтва партыі пастанавіла, каб бальшыня дэлегатаў з'езду не выбіралася на сходах, а прызначалася колішнімі прэтэндэнтамі на кандыдацтва ў мясцовых выбарах.

Раней гэтае рашэнне аспрэчылі 25 знакамітых фронтаўцаў у лісце да калег, Агульны сход сяброў Мінскай гарадской арганізацыі БНФ 11 траўня, а таксама Баранавіцкая, Усход-1 у Брэсце, Кобрынская, Лідская, Маларыцкая, Касцюшкоўская ў Мінску Рады БНФ.

Рэвізійная камісія Партыі БНФ, выбраная папярэднім з'ездам і абавязаная кантраляваць выкананне Статуту й заканадаўства ўсімі партыйнымі структурамі, 8 траўня вынесла рашэнне аб супярэчнасці Статуту такога фармавання дэлегацкага складу.

Тым не менш Сойм Партыі БНФ 15 траўня на прапанову А.Янукевіча і У.Лабковіча пакінуў у сіле папярэдняе рашэнне аб нестатутным падборы дэлегатаў на з'езд, унёсшы ў яго фармальныя змены (адзін дэлегат ад 10, а не 20 "звычайных" фронтаўцаў; адзін прэтэндэнт прызначае двух дэлегатаў, а не трох; сябры Рэвізійнай камісіі не з'яўляюцца дэлегатамі).

Старшыня Рады Віктар Івашкевіч так абгрунтаваў крытыку кіраўніцтва: "Калі мы пагодзімся з антыдэмакратычнай працэдурай зараз, перад нечарговым з'ездам, то на будучы справаздачна-выбарчы з'езд БНФ будуць прызначаныя ўжо 100% дэлегатаў".

Яго апанент Вадзім Канапацкі пераконваў Раду пагадзіцца з фарматам прызначэння кандыдатаў, бо з'езд для вызначэння фронтаўскага кандыдата "плануецца як тэхнічны з'езд, як палітычны PR".

Абмеркаваўшы рашэнне Сойму, бальшыня сяброў Менскай гарадской Рады (якая мае статус абласной) прагаласавала ў падтрымку пазіцыі Рэвізійнай камісіі ды нядаўняга Мінскага сходу БНФ:
- збор 29-30 траўня статутным З'ездам лічыцца не можа;
- меркаванне мінскага фронтаўскага актыву там не будзе належным чынам прадстаўлена;
- Мінская Рада не бярэ ўдзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні збору 29-30 траўня і не лічыць сябе абавязанай выконваць яго рашэнні.

Разам з тым Мінская Рада пасля 25 траўня, калі чакаюцца першыя вынікі працэдуры Рады інтэлігенцыі для вызначэння адзінага дэмакратычнага кандыдата, арганізоўвае раённыя сходы сяброў Партыі БНФ для абмеркавання ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров