Віктар Івашкевіч: Час дзейнічаць. Смела і рашуча

pbnf.org

Эканамічны крызіс высветліў галоўныя праблемы нашай гаспадаркі. Гэта адсутнасць свабоды прадпрымальніцкай дзейнасці і састарэласць асноўных фондаў прамысловасці.

Беларускія заводы спажываюць на адзінку вырабленай прадукцыі ўдвая болей энергіі, чым у іншых эўрапейскіх краінах. Як толькі спынілася ранейшая энергетычная датацыя ды знізіліся сусветныя цэны, беларускія тавары ўмомант сталі неканкурэнтаздольнымі. У гандлёвым балансе з'явілася дзірка ў 600 млн. – 1 млрд. даляраў у месяц (нагэтулькі кошт імпарту перавышае кошт экспарту). Лукашэнка і К° пачалі набіраць крэдыты і ўжо напазычалі больш за 18 млрд. даляраў (6 млрд. патрэбна аддаваць ужо сёлета).

З кожным месяцам браць крэдыты ўсё больш складана, і ўлады перакладаюць цяжар на плечы простых людзей. Бюджэтнікам скарацілі заробкі, на прадпрыемствах скарачаюць працоўны тыдзень (чым таксама зніжаюць заробкі), няспынна растуць цэны. Але эканомія бюджэтных сродкаў не вырашае галоўнага пытання – павелічэння канкурэнтаздольнасьці тавараў, перавышэння экспарту над імпартам і паступовага выхаду з крэдытнай ямы, у якую загнаў Беларусь сённяшні рэжым.

Пытанне можа вырашыць толькі масавы прыход заходніх інвестараў, якія ўкладуць грошы ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў і забяспечаць збыт беларускіх тавараў як ужо сваіх.

Каб заходнія інвестары прыйшлі ў Беларусь, неабходны шэраг перадумоваў.

1. Ільготныя ўмовы дзеля ўсяго айчыннага бізнесу, а ня толькі для заходніх інвестараў (бо заходнікі добра разумеюць, што спецыяльныя прывілеі ўлады могуць гэтаксама забраць, як і даць).

2. Празрыстая прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў з удзелам заходніх інвестараў і пад кантролем Міжнароднага валютнага фонду (бо Лукашэнкавым абяцанням няма веры).

3. Гарантыі ўрадаў сваіх краінаў аб бяспецы інвестыцыяў у Беларусь ад пагрозы валюнтарысцкіх рашэнняў уладаў Беларусі.

Тут мы выходзім на ключавую праблему. Улады Еўразвязу і ЗША дадуць такія гарантыі толькі пасля свабодных і празрыстых выбараў прэзідэнта і парламента Беларусі.

Кіраўніцтва Партыі БНФ прапануе простую і ясную для ўспрыняцця шараговымі выбаршчыкамі праграму выйсця з крызісу.

1. Правесці выбары прэзідэнта і парламента Беларусі так, каб іх прызналі свабоднымі і празрыстымі Еўразвяз і ЗША.

2. Для спрыяння занятасці знізіць падаткі з прадпрыемстваў да 20%; адмяніць падаткі з новаўтвораных прадпрыемстваў на два гады пры ўмове стварэння імі новых працоўных месцаў.

3. Пад кантролем новаабранага парламента і пры ўдзеле МВФ распачаць шырокамаштабную прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў з удзелам заходніх інвестараў.

4. Дамагчыся ад ЗША і Еўразвязу пазітыўнай ацэнкі беларускага інвестыцыйнага клімату.

5. За кошт грошай ад прыватызацыі трымаць курс беларускага рубля, забяспечваць сацыяльную абарону ўсім жыхарам Беларусі.

6. За кошт перавышэння экспарту над імпартам паступова падвышаць заробкі і пенсіі. Іх рост забяспечыць даход масе дробных прадпрымальнікаў.

Галоўнае – дамагчыся свабодных і празрыстых выбараў. Перамога дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах ва ўмовах жорсткай барацьбы Лукашэнкі за ўладу дасць магчымасьць правесці і парламенцкія выбары, прызнаныя Еўразвязам і ЗША.

Ці можа Партыя БНФ дзеля дасягнення гэтых мэтаў зрабіць стаўку на Аляксандра Мілінкевіча?

Я адказваю: - Не.

Бо Мілінкевіч і яго акружэнне сталі на шлях прыстасаванства да рэжыму і супрацоўніцтва з ім. Лідэры "Руху за свабоду" заяўляюць, што перамагчы Лукашэнку немагчыма, трэба паступова яго ўцягваць у еўрапейскія праграмы супрацоўніцтва, што ў сваю чаргу, маўляў, гадоў праз 20 прывядзе да трансфармацыі "апошняй дыктатуры Еўропы" ў "краіну, пераходную да дэмакратыі".

Ці можа Партыя БНФ перакласці адказнасць за будучыню Беларусі на Казуліна, Саннікава, Шушкевіча ці Статкевіча?

Я адказваю: - Не.

Бо, пры ўсёй павазе да прынцыповай пазіцыі гэтых людзей, ведаю, што яны не маюць неабходных структураў для збору 100 тыс. подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты.

Ці можа Партыя БНФ пагадзіцца быць на другіх ролях у перадвыбарчых штабах Калякіна, Лябедзькі, іншых?

Я адказваю: - Не.

Бо іх партыйныя структуры слабейшыя за нашыя. А аднаўленне гульняў з Масквой нясе небяспеку беларускай незалежнасці.

Менавіта Партыя БНФ і яе лідэр Лявон Баршчэўскі абавязаныя ўзяць на сябе адказнасць памяняць у бліжэйшы час рэжым асабістай улады Лукашэнкі і вывесці Беларусь на цывілізаваны еўрапейскі шлях.

Што дзеля гэтага трэба зрабіць?

1. Вылучыць на зъездзе Партыі БНФ 5 верасня Лявона Баршчэўскага кандыдатам у прэзідэнты.

2. З моманту вылучэння пачаць прапагандаваць яго праграму выйсця з крызісу сярод шырокага беларускага грамадства.

3. Пасля агітацыйнай кампаніі ў верасні – кастрычніку правесці ў лістападзе Кангрэс працоўных калектываў, дзе прыняць патрабаванні да Лукашэнкі аб сацыяльнай абароне людзей і аб правядзенні выбараў паводле заканадаўчых нормаў, распрацаваных АДС.

4. У той жа час правесці з'езд дэпутатаў беларускага парламента 12 і 13 скліканняў, бо толькі іх легітымнасць прызнавалі парламенты Еўропы і ЗША, з мэтай патрабаваць ад Лукашэнкі свабодных выбараў, а ад Еўропы – не ісці на згодніцкія змовы з дыктатарам.

5. У сакавіку 2010 г., калі прагназуецца абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага крызісу ў Беларусі, выйсці на масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннямі сацыяльнай абароны і свабодных выбараў як адзінага шляху пераадолення крызісу.

6. У красавіку – траўні 2010 г. дамагчыся прызнання ўсімі дэмакратычнымі арганізацыямі Лявона Баршчэўскага адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.

7. Улетку 2010 г. пры падтрымцы ўсіх дэмакратычных сілаў распачаць шырокую кампанію за абранне Лявона Баршчэўскага Прэзідэнтам Беларусі.

Праца ўжо пачатая. Каманда Лявона Баршчэўскага выдала агітацыйныя матэрыялы для працоўных, стварыла аргкамітэт Кангрэсу працоўных калектываў, створаны Дэпутацкі клуб, распрацоўваецца прымальны для Партыі БНФ механізм абрання адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў. Мы не проста выказваем пажаданні ці мары, а канкрэтна працуем. Але ўсё будзе залежаць ад рашучасці і волі ўсіх сябраў Партыі БНФ.

Пераломныя моманты ў гісторыі краіны бываюць нячаста.

Такі быў 1918 год, калі беларускія дзеячы знайшлі ў сабе смеласьць і рашучасць абвясціць Акт 25 Сакавіка.

Такі быў 1991 год, калі Беларускі Народны Фронт на чале з Зянонам Пазняком смела і рашуча дамогся рэальнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Такім можа стаць і 2010 год, калі Партыя БНФ на чале з Лявонам Баршчэўскім праявіць неабходную смеласць і рашучасць і даможацца свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.


Віктар Івашкевіч
Намеснік старшыні Партыі БНФ

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров