Беларускамоўны МТС можа зьявіцца толькі ў 2010 годзе

прэс-служба Партыі БНФ

Сябра Рады Моладзі БНФ Антось Койпіш і сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Вадзім Ханяўка атрымалі адказ з галоўнага офісу "Мабільныя ТэлеСістэмы" (МТС) на свой запыт аб стварэньні беларускамоўнай вэрсіі голасавога сэрвісу кампаніі.

Нагадаем, каля месяца таму назад у межах кампаніі "МТС па-беларуску" актывісты падалі адпаведны запыт і каля 3000 подпісаў карыстальнікаў МТС у галоўны офіс кампаніі.

У лісьце з адказам начальнік упраўленьня па абаненцкаму абслугоўваньню М. А. Булаш паведамляе, што "пытаньне выкарыстаньня беларускай мовы пры аказаньні паслуг было дбайна вывучанае".

"У цяперашні час з улікам пажаданьняў абанентаў створаная і выкарыстоўваецца беларускамоўная вэрсія карпаратыўнага сайту кампаніі www.by.mts.by", - паведамляе кампанія. Разам з тым, у лісьце гаворыцца, што беларускамоўную старонку наведваюць толькі 0,76% наведвальнікаў сайту.

"З улікам вашых прапановаў у цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы па ўкараненьні беларускамоўнай вэрсіі аўтаінфармаваньня аб стане абанента ў сетцы МТС", - чытаем у адказе.

М. А. Булаш падкрэсьліў, што стварэньне галасавога сэрвісу на беларускай мове разглядаецца, але ў гэтым годзе не магчымае з-за фінансавых пытаньняў. "У выпадку паляпшэньня фінансавых паказнікаў, кампанія паўторна разгледзіць магчымасьць рэалізацыі дадзенага праекту ў 2010 годзе".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров