Прадстаўнікі дробнага бізнесу: рэформаў не адбылося

Радыё Свабода

Усясветны банк заяўляе, што Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па актыўнасці рэформаў у сферы рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці. Ці палепшыліся ўмовы працы ў прадпрымальніцкім асяроддзі краіны?

Найважнейшыя пытанні, якія тычацца спрашчэння працы прадпрымальніцкага сектару, застаюцца нявырашанымі, хоць некаторыя прыклады лібералізацыі ёсць, кажа старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Мінска Аляксандр Макаеў.

Аляксандр Макаеў: "Да прыкладу, ёсць распараджэнне лепшых прадпрымальнікаў не турбаваць праверкамі ў справе рэгістрацыі. Адначасна спрашчэнне ўмоваў падаткаабкладання, пра што было заяўлена, не вырашанае. Застаюцца вялікія падаткі, іх шмат, і вялікая крымінальная адказнасць за парушэньне ўмоваў падаткаабкладання. Але самая балючая праблема — гэта вярнуць найманых работнікаў. Бо зараз прадпрымальнікі і хварэць не могуць, і ў адпачынак сысці, і падаткаў удвая больш плацілі. Такога няма нідзе больш у свеце, каб была забарона на найманых працаўнікоў".

Паводле старшыні грамадскай арганізацыі прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоля Шумчанкі, спрашчэнне ўмоваў рэгістрацыі для прадпрымальнікаў — сярод найменш значных саступак уладаў для прадстаўнікоў малога бізнесу.

Анатоль Шумчанка: "Спрашчэнне рэгістрацыі — гэта пачатак бізнесу, які не звязаны ні з фінансавымі, ні з адміністрацыйнымі ўмовамі, ні са штрафамі і г.д. Сёння вельмі важная магчымасць абароны бізнесу законамі ад канфіскацыі, ад беспадстаўных праверак і ад самавольства чыноўнікаў. Вось каб у бізнесоўцаў сёння спыталі, што ім патрэбна — спрошчаная рэгістрацыя ці тое, што я назваў, — то, натуральна, адказ быў бы на карысць другога пункту. Аднак у бізнесоўцаў сёння ніхто нічога не пытаецца, урад як рабіў тое, што хоча, так і робіць. Лепш і лягчэй працаваць сёння на стала".

Пра тое, што абяцанай лібералізацыі не адбылося, заяўляе таксама старшыня руху "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.

Віктар Гарбачоў: "Зрабілі мараторый на кантрольныя праверкі, але адначасна робяць выбарачныя праверкі, накладаючы вялізныя штрафы. Як курс еўра быў прывязаны да ўсіх падатковых выплатаў і арэнды, так ён і застаўся. Магчыма, паслабленне адчулі структуры, якія набліжаныя да дзяржаўных органаў кіравання, да адміністрацыі прэзідэнта, і гэта бачна ў рэгіёнах. Паслабленне, якога б мы хацелі, пра якое чыноўнікі заяўляюць праз радыё, тэлебачанне і газеты апошнім часам, — нас яно асабліва не закранае".

поделиться

Новости по теме

    Дзень горада за кошт прадпрымальнікаў

    У Бабруйску з прадпрымальнікаў збіраюць грошы на святкаванне дня горада. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні арганізацыі "Прадпрымальнікі за свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў.подробности

Новости партнёров