Андрэй Бандарэнка – чарговы кандыдат у палітвязні

ucpb.org

9 кастрычніка Суд Першамайскага раёна г.Мінска павінен вынесці сваё рашэнне па справе прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, якога абвінавачваюць у незаконным прысваенні 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Былы незалежны кандыдат у дэпутаты, дырэктар дэпартамента па развіццю і знешнеэканамічных сувязях АТ "Белвысотстройгруп", Андрэй Бандарэнка можа стать чарговым палітзняволеным.

- Па выніках судовых пасяджэнняў відавочна, што доказаў таго, што Андрэй Бандарэнка нешта прысвоіў ці скраў, няма, - кажа прысутны на судзе кіраўнік камісіі па палітычных пытаннях АГП Аляксандр Дабравольскі. – Няма ніводнага сведкі, які б гэта мог сцвердзіць, як няма і ніводнага дакумента, які б на тое паказваў. Толькі судовы абвінаваўца лічыць, што ён прысвоіў грошы. Прычым, хто яму перадаў грошы, калі, пры якіх абставінах, у якой валюце – ніякай інфармацыі не прадастаўлена. І пры гэтым, што мяне дзівіць і сведчыць аб абсалютнай непрафесійнасці Пракуратуры, пракурор запрасіў Бандарэнку 9 гадоў пазбаўлення волі.

Судовы абвінаваўца сцвярджае, што Андрэй Бандарэнка атрымліваў грошы ад невядомай асобы. Але што гэта за асоба, і што за грошы, абсалютна незразумела, і не даказаны факт перадачы. Больш за тое, у сваім апошнім выступе пракурор нават не змог сказаць, што падсудны атрымаў грошы, а сказаў, што ён меў намер атрымаць іх.

Справа Андрэя Бандарэнкі знешне выглядае як грамадзянская, але, несумненна, мае палітычныя падставы і звязаная з яго актыўнай дзейнасцю ў якасці незалежнага кандыдата ў дэпутаты.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров