Рух "За Свабоду" гатовы ўдзельнічаць у мясцовых выбарах

milinkevich.org

Паводле кіраўніцтва Руху, большасць актывістаў арганізацыі схіляюцца да актыўнага ўдзелу ў кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Разглядаецца магчымасць правядзення супольнай выбарчай кампаніі з палітычнымі структурамі, якія ўдзельнічаюць у стварэнні Нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі.

− Дзейнасць нашых актывістаў і мясцовых структураў накіравана на тое, каб актыўна спрыяць вырашэнню лакальных праблемаў. Такая дзейнасць карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў рэгіёнаў, і гэта стварае добрыя шансы на перамогу на мясцовых выбарах. Да таго ж, сярод актывістаў Руху даволі шмат тых, хто мае досвед дэпутацкай дзейнасці на мясцовым узроўні, − кажа намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Паводле намесніка старшыні Руху "За Свабоду" Віктара Карнеенкі, удзел актывістаў арганізацыі ў мясцовых выбарах дазволіць вырашыць шэраг задач:

− Падчас кампаніі мы атрымаем магчымасць давесці людзям пра перавагі мясцовага самакіравання ў пытанні эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў на патрэбы рэгіёна, зможам аказаць падтрымку маладым мясцовым лідэрам, якія хочуць займацца палітыкай на лакальным узроўні. Вельмі важна падчас мясцовых выбараў паспрабаваць дамагчыся рэальных зменаў у практыцы правядзення электаральных кампаній.

Як стала вядома 20 кастрычніка, выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у красавіку 2010 году.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров