Дакументальнае кіно, якое не пакажуць на БТ

"МЫ"

Кожную сераду а 19-й гадзіне гродзенскі рух "За свабоду" ў межах кампаніі "Свабоднае кіно" ладзіць у памяшканні Таварыства беларускай школы (Будзённага, 48а-44) прагляды дакументальных фільмаў.
У прамінулую сераду былі паказаныя "Навала" і "Чатыры сімвалы".


Фільм "Навала" - пра жыхароў Браслаўшчыны, якіх выжываюць з уласнай зямлі. То фільм пра безупынную барацьбу беларускіх фермераў са статкамі дзікоў, якія ахоўваюцца мясцовымі ўладамі дзеля таго, каб высокапастаўленыя госці з Мінску маглі ладзіць захапляльныя паляванні.

Фільм "Чатыры сімвалы" - знаходка для знаўцаў і аматараў гісторыі і культуры. Кожны рэжым усталёўвае сваю ўладу праз архітэктурныя сімвалы, якія пасля ўплываюць на многія пакаленні. Гэты фільма - пра гісторыю сімвалаў БССР, сімвалаў савецкай эпохі, без якіх мы сёння не можам уявіць Мінск.
Дагэтуль былі паказаныя "Свята на нашай вуліцы", "Гаспадар", "Акупацыя. Містэрыі".

Дарэчы, можна замаўляць копіі на DVD.

У наступную сераду, 28 кастрычніка, будзе паказаны фільм "НКВД - Гестапа. Браты па крыві" рэжысёра Уладзіміра Самойлава.

Нявыдуманыя лёсы людзей і гістарычныя дакументы сталіся грунтам аповеду пра блізкую супрацу НКВД і Гестапа ў розных галінах – у тым ліку пра абмен вязнямі: СССР дасылаў у Германію ў асноўным антыфашыстаў і яўрэяў, якіх там знішчалі. Немцы наўзамен выдавалі Маскве людзей, якія раней эмігравалі з Расіі ды выступалі супраць Савецкага Саюзу. Яны ў асноўным загінулі ў ГУЛАГу.

"Мы пачалі паказы ў 2006 годзе на хвалі Плошчы: была запатрабаванасць у рэальным адлюстраванні падзеяў. Пасля ў 2008-м зладзілі гродзенскую частку міжнароднага праваабарончага кінафестываля "Адзін свет", калі адначасова з Прагай, Вашынгтонам, Бялградам ды яшчэ шмат з кім круцілі фільмы пра правы чалавека ва ўсім свеце. Зацікаўленасць людзей падштурхнула на арганізацыю больш частых паказаў дакументальнага незалежнага кіно, абавязкова ў перакладзе на беларускую мову. А тут паўстаў "Белсат", які падштурхнуў да творчасці беларускіх аўтараў. І ўвесь гэты здабытак павінны бачыць людзі, ён павінен выклікаць дыскусію, павінны з'яўляцца новыя аўтары, маладыя. Магчымасці зняць і паказаць ужо ёсць. Ну і мы, шчыра кажучы, загарэліся ідэяй заснавання гродзенскага фестываля дакументальнага кіно", - распавёў "МЫ" арганізатар паказаў у межах кампаніі "Свабоднае кіно", актывіст руху "За свабоду" ў Гродне Эдвард Дмухоўскі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров