У Магілёве зарэгістравалі суполку БСДП

Радыё Свабода

Магілёўская абласная ўправа юстыцыі зарэгістравала Ленінскую раённую арганізацыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Рэгістрацыі суполкі партыйныя актывісты дамагаліся паўгода.

Суполка налічвае дваццаць чалавек. У рэгістрацыйных дакументах фігуруюць дзевяць з іх.

"У працэсе рэгістрацыі ўправа юстыцыі запатрабавала падрабязных звестак пра ўсіх гэтых дзевяць сяброў, у тым ліку пра іх месцы працы. Мы доўга разважалі над гэтым патрабаваннем, бо заканадаўства не прадугледжвае таго. Урэшце вырашылі яго выканаць. Мы падалі копіі ўліковых картак, сяброўскіх білетаў і нават фоткі дадалі з устаноўчага сходу. Да таго ж кіраўніцтва звярнулася зь лістом, у якім была заакцэнтаваная ўвага на тое, што ўправа юстыцыі сваім патрабаваннем парушае закон", — зазначыў "Свабодзе" кіраўнік суполкі Андрэй Дзвігун.

Паводле актывіста, цяпер рыхтуюцца дакументы на рэгістрацыю Кастрычніцкай партыйнай суполкі абласнога цэнтру. Пасля яе рэгістрацыі актывісты будуць намагацца легалізаваць гарадскую арганізацыю.

У Бабруйску тым часам з рэгістрацыяй суполак БСДП (Грамада) ёсць праблемы. Уладальнік памяшкання, якое мелася быць юрыдычным адрасам для партыйцаў, адмовіўся ад сваіх намераў яго арандаваць. Без юрыдычнага адрасу, паводле заканадаўства, рэгістрацыя суполак немагчымая.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров