Актывісты Руху ўшанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсій

milikevich.org

29 кастрычніка, у дзень Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій гомельскія актывісты Руху “За Свабоду” наведалі месцы масавых растрэлаў у 30-я гады мінулага стагоддзя.

Удзельнікі жалобнай імпрэзы ўсклалі вянкі да пакутнага крыжу на 9 кіламетры Чарнігаўскай шашы, а таксама каля памятнага камню "Тваім пакутнікам, Беларусь", які быў усталяваны дэмакратычнымі актывістамі ў 2007 годзе на месы, дзе былі знойдзены парэшткі сямідзесяці расстраляных чалавек.

− Мы ўжо колькі год запар наведваем гэтыя месцы, − кажа каардынатар Руху па Гомельшчыне Уладзімір Кацора. – На жаль і зараз у Беларусі ёсць палітычна рэпрасаваныя і мае месца пераслед людзей за іх перакананні. Але час працуе на змены, і гэтыя змены хутка адбудуцца. На месцы раскопак будзе не просты камень, тут будзе помнік, каб ніхто не забываў пра трагічныя ўрокі гісторыі.

Нагадаем, 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску расстралялі больш за сто прадстаўнікоў інтэлігэнцыі, у тым ліку 22 беларускіх літаратары. Менавіта 29 кастрычніка беларуская грамадзянская супольнасць адзначае як дзень Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров