Правакацыя супраць тэрыторыі свабоды

pbnf.org

13 красавіка Партыя БНФ атрымала паведамленьне, што павінна да 8 ліпеня вызваліць офіс па адрасе вуліца Варвашэні, 8. Дакумэнт падпісаў дырэктар ЖРЭУ Савецкага раёну Мікалай Хамянок. Прычынай скасаваньня дамовы названа тое, што арандатар нібыта нясвоечасова аплачваў арэнду, з прычыны чаго ўтварылася запазычанасьць у суме 6 з паловай мільёнаў рублёў.

Бухгальтарка аддзелу нежылых памяшканьняў жыльлёва-камунальнага ўпраўленьня Савецкага раёну пацьвердзіла, што запазычанасьць у Партыі БНФ сапраўды была, але толькі па адной дамове з шасьці:

"Так, невялікая запазычанасьць — 6 з паловай мільёнаў запазычанасьць за арэнду. Лічба рэальная, у нас кампутарная апрацоўка, гэта не з паветра лічба. У нас зь 1 студзеня новая форма разьлікаў. І бухгальтарка чамусьці, магчыма, памылкова, не падпісала заяву на акцэпт па адной дамове. У іх 6 дамоваў, 5 яны аплачваюць, а адну чамусьці не аплацілі".

То бок запазычанасьць была, але, паводле словаў бухгальтаркі ЖРЭУ, невялікая, і то па адной толькі дамове. Яна і сапраўды невялікая ў параўнаньні з усёй сумай, якую партыя БНФ плаціць за арэнду ў месяц, кажа сакратар Управы БНФ Уладзімер Лабковіч:

"Фантастычная сума атрымліваецца. Груба кажучы, у нас атрымліваецца 4 тысячы даляраў у месяц, нават больш — да 4200 даходзіць. Курс эўра плавае, і ацяпленьне было, таму нават больш атрымліваецца".

Уладзімер Лабковіч пагадзіўся, што запазычанасьць была, але яе ўжо пагасілі:

"Мы насамрэч добрасумленна ўсё аплачвалі, бо для нас офіс ёсьць найвялікшая каштоўнасьць. Мы гэта закрылі ў чацьвер, 7-га, у чацьвер мы выправілі памылку, грошы ўнесьлі ў чацьвер, а ліст атрымалі ў панядзелак. Мы не атрымлівалі ніколі прадпісаньняў. Больш за тое, нават калі б мы яго і атрымалі, да 27 чысла кожнага месяца мы можам уносіць аплату па дамове зь імі".

Бухгальтарка ЖРЭУ паведаміла, што афіцыйна юрыст паслала прэтэнзію менавіта па адной дамове, якая не была аплачаная. І пацьвердзіла, што грошы да ЖРЭУ пакуль не дайшлі:

"Гэта форма прэтэнзіі, і ніхто іх, так бы мовіць, ня выселіць. Гэта форма прэтэнзіі. Я як бухгальтар пацьвярджаю, што на сёньняшні дзень запазычанасьць пакуль ёсьць".

Але ў дакумэнце за подпісам начальніка ЖРЭА Мікалая Хамянка напісана, што дамова з партыяй БНФ працягнутая ня будзе і 8 ліпеня паводле акту прыёмкі-перадачы офісу памяшканьне павінна быць вызвалена. У аўторак самога начальніка ў кабінэце не было — паводле сакратаркі, ён цэлы дзень на паседжаньні ў адміністрацыі раёну.

Партыя БНФ арандуе памяшканьне з 1992 году. Юрыст Уладзімер Лабковіч паведаміў, што звычайна дамова арэнды штогод аўтаматычна працягваецца:

"Дамова ў нас да 8 ліпеня кожнага году. Калі арэндадаўца, проста кажучы — ЖРЭУ, хоча скасаваць яе, таму што скончыўся тэрмін дзеяньня, ён павінен пра гэта паведаміць не пазьней чым за 3 месяцы да сканчэньня, то бок да 8 красавіка. Дамова можа быць скасаваная на патрабаваньне наймальніка, арэндадаўцы за няўплату. Нам прыйшло паведамленьне, што дамова наша спыняецца 13 красавіка. Яны прапусьцілі тэрмін паведамленьня пра тое, што дамова будзе скасаваная".

Кіраўніцтва партыі БНФ мае намер у сераду сустрэцца з начальнікам ЖРЭУ Савецкага раёну, паказаць дакумэнты аб пагашэньні доўгу. У выпадку, калі бакі ня прыйдуць да згоды, Партыя БНФ будзе зьвяртацца ў суд.

Пра сядзібу Партыі БНФ, што на вуліцы Варвашэні, гаворыць вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін:

"Я нейкі час быў старшынём культурніцкай камісіі ГА БНФ "Адраджэньне". Побач тады былі знаныя людзі. Такія, як Вольга Іпатава, Мікола Купава, шмат іншых. Менавіта дзякуючы сядзібе, мы пазнаёмілі тысячы людзей зь беларускім мастацтвам, культураю, гісторыяй.

Калі старшынём культурніцкай камісіі стаў Франак Вячорка, камісія, а разам зь ёй і сядзіба БНФ атрымалі новае жыцьцё, сьвежае дыханьне. Не пералічыць, колькі выставаў, фільмаў, прэзэнтацыяў, канцэртаў было праведзена за апошнія некалькі год. Апошнім часам былі выстаўленыя карціны Алеся Цыркунова, Алеся Мары, суполкі "Пагоня", зараз выстаўленыя творы мастака-нонканфарміста Тодара Копшы.

Беларускія мастакі ведаюць, што, калі няма магчымасьці вывесіць карціны ў Палацы мастацтва, то заўсёды можна зьвярнуцца ў сядзібу БНФ.

Перакананы, што гэтыя захады супраць нашае сядзібы - гэта чарговая правакацыя супраць тэрыторыі свабоды"
.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров