Мілінкевіч наведаў Бярозаўку і Ваўкавыск

milinkevich.org

Лідэр Руху "За Свабоду" на гэтым тыдні ажыццяўляе паездкі па мясцінах, якія не ўдалося наведаць падчас леташняй выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў.

Актывісты Бярозаўкі настроены аптымістычна

Паводле мясцовых прыхільнікаў Руху, людзі чакаюць пераменаў і пры належнай кампаніі гатовыя падтрымаць дэмакратычнага кандыдата на выбарах.

На сустрэчы былі пераважна работнікі шклозавода "Нёман". Яны распавядалі пра праблемы з мадэрнізацыяй вытворчасці, злоўжыванні кіраўніцтва, пра намер у сувязі з крызісам, спыніць адну з двух пастаянна працуючых заводскіх печаў. Па словах удзельнікаў сустрэчы з 2007 года заробак у рублях практычна не змяніўся.

Людзі таксама казалі пра праблемы мясцовай сістэмы аховы здароўя: у лякарні пацыенты вымушаны ўсё ад лекаў і бінтоў да фізраствораў і шпрыцаў купляць самі. Гараджане ўсё часцей выказваюць незадаволенасць і гатовыя да пераменаў у палітычным жыцці.

Актывісты ў размове з Аляксандрам Мілінкевічам пазнаёмілі са сваім выданнем "Вольная Бярозаўка", якое робяць і распаўсюджваюць саматужна, распавялі пра свае спробы ўвекавечыць памяць ксяндза Адама Фалькоўскага, які ў 1863 годзе зачытаў маніфест паўстання Кастуся Каліноўскага.

Незалежнасць, дэмакратыя, еўрапейскасць

На Ваўкавыскай сустрэчы Аляксандр Мілінкевіч у сваёй прамове адзначыў, што зараз імкліва павялічваецца эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі, якая пагражае нашай краіне паглынаннем. Еўразвяз гатовы дапамагчы нам супрацьстаяць гэтаму. Ён прапануе праграму "Усходняе партнёрства", згодна з якой Беларусь мусіць праводзіць эканамічныя рэформы і ажыццяўляць змены ў заканадаўстве, набліжаючы яго да стандартаў цывілізаванай Еўропы. У якасці выразных крокаў насустрач прапануецца спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян і стварэнне зоны свабоднага гандлю.

Пакуль што уваходу Беларусі ў Еўразвяз перашкаджае аўтарытарызм. На думку лідэра Руху "За Свабоду", мы павінны навучыцца адстойваць свае правы, самаарганізоўвацца, ставіць асобныя, зразумелыя мэты, дабівацца вырашэння канкрэтных лакальных праблемаў, то бок актывізаваць стварэнне грамадзянскай супольнасці.

Намеснік кіраўніка Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч адзначыў, што хоць большасць сябраў Руху беспартыйныя, арганізацыя з'яўляецца добрай пляцоўкай для супрацы актывістаў шэрагу палітычных партый. Актывісты ПАГА Рух "За Свабоду" ёсць у шасцідзесяці гарадах краіны. Яны у сваёй дзейнасці робяць упор на вырашэнне лакальных праблемаў.

– Палітыкі павінны не толькі ацэньваць сітуацыю у краіне, але і рабіць рэальныя рэчы
, – лічыць Юрась Губарэвіч.

Мясцовыя прыхільнікі скардзіліся, што у Ваўкавыску не хапае інфармацыі пра культурніцкія акцыі, дрэнна вядзецца арганізацыйная праца з моладдзю, няма мясцовай газеты.

Намеснік кіраўніка Руху "За Свабоду" паведаміў, што арганізацыя будзе падтрымліваць друкаванне мясцовага бюлетэня, аказваць адукацыйную дапамогу, праводзіць асветніцкую дзейнасць, папулярызаваць ідэі незалежнасці, еўрапеізацыі, дэмакратычныя каштоўнасці.

Напрыканцы сустрэчы жыхарам Ваўкавыску перадалі брашуры і асобнікі апошняга выпуску газеты "Новы час".

Перад ад'ездам Аляксандр Мілінкевіч з актывістамі наведаў крыж, усталяваны на месцы былой уніяцкай царквы і мясцовую славутасць Шведскую гару. Падчас знаходжання лідэра Руху "За Свабоду" ў горадзе, яго перамяшчэнне адсочвалі супрацоўнікі зацікаўленых спецслужбаў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров