Прафсаюзы не адчуваюць лібералізацыі

"Радыё Свабода"

Лідэры Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці заявілі аб правядзеньні сэрыі акцыяў пратэсту 3 красавіка. Пікеты і мітынгі ў розных гарадах Беларусі маюць зьвярнуць увагу на адмовы ў рэгістрацыі першасных прафсаюзных суполак.

Лідэры прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці таксама зьвярнуліся з пазовамі ў суды Гомелю, Магілёву і Віцебску. Менавіта ў гэтых гарадах чыноўнікі адмовіліся рэгістраваць незалежныя прафсаюзныя суполкі. Адзін з заяўнікаў у Гомелі Віктар Казлоў перакананы ў незаконнасьці адмовы:

"Матывавалі тым, што ў прафкаме нашай першаснай гарадзкой Гомельскай арганізацыі няма людзей, якія працуюць на прадпрыемствах радыёэлектроннай прамысловасьці. Мы лічым гэта несур’ёзным аргумэнтам з тае прычыны, што ў нашым статуце сказана: сябрам прафсаюзу могуць быць таксама прадстаўнікі іншых галін народнай гаспадаркі. Гэта права любога чалавека выбіраць сабе прафсаюз і далучацца да яго".

Актывістам ў Віцебску выставілі сустрэчныя патрабаваньні, што таксама раўназначна забароне рэгістрацыі, кажа адзін зь прафсаюзных лідэраў Георгій Разумаў:

"Просяць падаць інфармацыю пра чальцоў першаснай суполкі з паведамленьнем пра месца працы. Вось чаго яны хочуць. Я кажу, як гэта месца працы? Каб пасьля яны тэлефанавалі наймальнікам, самім людзям і выкручвалі рукі? Не, мы ўжо гэта праходзілі".

Яшчэ адна лідэрка прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ў Магілёве Галіна Лісіцына кажа, што за апошнія некалькі гадоў гэта ўжо восьмы выпадак адмовы рэгістрацыі першаснай суполкі. Такія ды іншыя прыклады не даюць падставаў казаць пра дэкляраваную ўладамі лібэралізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця ў краіне, лічыць сустаршыня прафсаюзу Аляксандр Бухвостаў:

"Ніякай лібэралізацыі няма. Нават адносна прафсаюзаў – ні ў якія вароты ня лезе. Бо людзей звальняюць толькі за тое, што яны спрабуюць адстойваць свае працоўныя правы. Чалавек спрабуе пратэставаць – і яго адразу ж звальняюць. Гэтак было і гэта працягваецца. Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, ніякай дэмакратызацыі ня будзе".

Пікеты ў абарону правоў прафсаюзаў 3 красавіка пройдуць у Магілёве, Гомелі, Віцебску, Менску, а таксама іншых гарадах Беларусі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров