• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

Песні "Плошчы - 2010"

Поделиться ссылкой
Інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу партала навінаў www.UDF.BY склаў сямёрку самых смелых песень у сучаснай музычнай гісторыі, якія з'яўляюцца поўнай супрацьлегласцю прапагандысцкіх хітоў «Товарищ президент», «Слушай батьку» і «Наш президент».

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, спецыяльна для партала www.UDF.BY



7
Партызанская школа – Не
Трэк, напісаны навучэнцамі беларускага гуманітарнага ліцэя ў адказ на закрыццё ўстановы на загад Міністэрства адукацыі ў 2003 годзе. Песня аўтарства Паўла Супаненкі стала не толькі маніфэстам ліцэістаў, але і адным з саўндтрэкаў Плошчы-2006. Удзельнікі "Партызанскай школы" выканалі яе ўжывую на прыступках Дома прафсаюзаў у час масавых пратэстаў.
6
Deviation – Твой бацька-фашыст
Песня, у якой клянецца таталітарны лад мыслення, была напісаная ў 1986 годзе ленінградскай групай "Телевизор" з прысвячэннем генсеку Гарбачову, але прыйшлася дарэчы і да сучасных беларускіх рэалій. Беларускамоўную версію зрабіла гродненская панк-група Deviation. Кавер спадабаўся лідэру "Телевизора" Міхаілу Барзыкіну, які заявіў, што абсалютна не супраць, калі гэты твор будуць будуць звязваць і з кіраўніком беларускай дзяржавы. У рэпертуары Deviation ёсць і смялейшыя песні. Адна з іх завецца "Калі Лука здохне".
5
Siver – Колер маёй рэвалюцыі
Песня, што стала гімнам "белай рэвалюцыі" – ініцыятывы, што паўстала ў байнэце напярэдадні выбараў-2006. Паводле яе ідэолагаў, белы — колер новай пары, пакуль нічым не заплямленай, колер дыялогу, адкрытасці і яднання. Верш пра "белую рэвалюцыю" напісаў гомельскі паэт Сяргей Балахонаў, а выканала мінская каманда Siver. "Колер маёй рэвалюцыі" стала адным з галоўных хітоў Вясны-2006. Цікава, што сярод аўтараў музыкі да яе значыцца Яўген Шапчыц, які атрымае вядомасць падчас выбараў-2010, дзякуючы свайму роліку пра бабульчын пашпарт.
4
Чырвоным па белым – Пра зніклых
Адзін з першых трэкаў праекту, які прыцягнуў увагу да беларускага хіп-хопу як да музыкі пратэста. Песня напісаная пра эскадроны смерці – тэму, якую іншыя музыкі абыходзілі ўвагай. "Пра зніклых" увайшла ў дэбютны альбом "Актуальная тэматыка" (2004), які хоць і быў запісаны ў хатніх умовах, але меў вялікую папулярнасць у інтэрнэце. Яшчэ большай вядомасці праекту і яе лідэру, які называе сябе Krou, прынесла песня "Не жадаю", запісаная напярэдадні выбараў-2006.
3
N.R.M. – Усё роўна мы пераможам
Песня, якую Лявон Вольскі напісаў з пэўнай доляй іроніі пад уплывам ад антыамерыканскіх сюжэтаў на беларускім тэлебачанні, на некаторы час зацміла па папулярнасці галоўны "энэрэмаўскі" хіт пра "Тры чарапахі". Калі ў 2001 годзе пасля мітынгу ў падтрымку Ганчарыка з дынамікаў на плошчы разносілася: "Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе", то ў 2006-м жыхары намётавага мястэчка на Плошчы спявалі жыццясцвярджальнае: "Хай варожыць гадзючнік варожы, усё роўна мы пераможам". Удзельнікі N.R.M. зладзілі прэм'еру проста ў натоўпе мітынгоўцаў, праспяваўшы яе акапэла.
2
Vinsent – Веру
Сваім новым трэкам, прадстаўленым напярэдадні выбараў-2010, рэп-выканаўца не толькі выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, але і фактычна пазбавіў сябе эфіраў на беларускіх тэле- і радыёканалах, куды ўжо было прабіўся цягам гэтага году дзякуючы сваім лірычным кампазіцыям. Выканаўца заявіў, што не баіцца трапіць у чорныя спісы, бо ўпэўнены, што сітуацыя ў краіне зменіцца і эфір будзе выглядаць зусім інакш.
1
Новае Неба – Прэзідэнт, ідзі дамоў
Першая рок-князёўна Беларусі Кася Камоцкая была першай, хто паслаў кіраўніка дзяржавы куды падалей. Здарылася гэта яшчэ ў 1995 годзе, калі па выніках рэферэндума была вернутая сімволіка савецкіх часоў, а рускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Песню запісалі на студыі беларускага дзяржаўнага радыё. З тых часоў уваход у будынак для некаторых былых супрацоўнікаў радыё і самой Касі забаронены, а песня з цягам часу набыла яшчэ большую актуальнасць.
Поделиться ссылкой