Сёння – апошні дзень праверкі подпісаў

Радыё "Свабода"

8 лістапада – апошні дзень, калі рэгіянальныя камісіі могуць правяраць якасьць подпісаў сабраных на карысьць кандыдатаў у прэзыдэнты. Аднак закон дае яшчэ пяць дзён на праверку абласным камісіям.


Так што пра тое, хто з 11 кандыдатаў у прэзыдэнты пераадолеў рубеж у 100 тысяч якасных подпісаў, стане вядома напрыканцы тыдня.

На мінулым тыдні найбольш адметнымі падзеямі ў выбарчай кампаніі па абраньню прэзыдэнта Беларусі сталі дзьве – камплектаваньне ўчастковых камісіяў і разгляд Цэнтарвыбаркамам прапаноў апазыцыі па паляпшэньні выбарчага заканадаўства. У абодвух выпадках лідэры апазыцыі выказалі вялікую незадаволенасьць дзеяньнямі ўладаў.

Менавіта ўчастковыя выбарчыя камісіі будуць непасрэдна лічыць бюлетэні выбарцаў. І менавіта тут, як сьцьвярджаюць незалежныя назіральнікі, пачынаецца працэс фальшаваньня вынікаў выбараў. У камісіях маюць працаваць 70 815 чалавек. Прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў з гэтага ліку — 183. Гэта азначае, што доля апазыцыі складае прыкладна 0,25%. Колькасьць праўладных і апазыцыйных партыяў, якія прадстаўленыя ва ўчастковых камісіях, аднолькавая. І тых, і другіх — па пяць. Але на долю праўладных прыпадае 1586 мандатаў, а на апазыцыйныя — 183.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прэтэнзіі на адрас ЦВК адкідае:

"Цэнтральная камісія не ўтварае ўчастковыя камісіі. Гэта — справа мясцовых уладаў".

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа: партыя разам з рухам "Адраджэньне" вылучалі ва ўчастковыя камісіі больш за 300 чалавек. А ўключылі — 36. Апазыцыйны лідэр тлумачыць гэта так:

"Я перакананы: самая асноўная прычына ў тым, што ўлада баіцца выпусьціць з-пад свайго кантролю працэс беспасярэднага падліку галасоў. А ён жа пачынаецца ва ўчастковых камісіях. Таму і мінімальнае ўключэньне прадстаўнікоў менавіта палітычных партыяў, якія будуць дамагацца сапраўднага падліку".

Калі ў некаторых рэгіёнах зафіксаванае "кропкавае" прадстаўніцтва апазыцыі ва ўчастковых камісіях, то ў Магілёўскай вобласьці пастаўлены своеасаблівы рэкорд. Тут усе ўчастковыя камісіі — без апазыцыянэраў. Напрыклад, пяцёх актывістаў ва ўчастковыя камісіі Крычаўскага раёну вылучалі рух БНФ "Адраджэньне" і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

"Іх не ўключылі без тлумачэньня прычынаў. Усе яны вядомыя людзі, і ўсе ведаюць іх грамадзянскую і палітычную пазыцыю, то бок для выканкаму сакрэтам гэта не было. Паседжаньне было фармальным. Зачытвалі сьпісы й галасавалі аднагалосна. Абмеркаваньняў не было. БРСМ у кожнай камісіі й Белая Русь", зазначае адзін з вылучэнцаў Сяргей Няроўны.

Апазыцыйныя актывісты накіравалі шэраг скаргаў у суды. Яны не задаволеныя тым, што іх не ўключылі ў склад камісіяў. Бальшыня працэсаў пройдзе на наступным тыдні. А на тых, што ўжо адбыліся, рашэньні аднолькавыя -- камісіі сфармаваныя без парушэньняў.

З 15-ці прапановаў, накіраваных на паляпшэньне выбарчага заканадаўства, якія ўнесла грамадзкая кампанія "За справядлівыя выбары 2010", Цэнтравыбаркам прыняў толькі адну, ды і тую часткова. У выбарчых дакумэнтах цяпер будзе зафіксавана, што назіральнікі могуць сачыць за падлікам бюлетэняў "ва ўмовах, якія дазваляюць бачыць агляднасьць падліку галасоў". Усе іншыя прапановы з розных падставаў адхіленыя. Таксама прынятая адна прапанова ад Беларускага Хэльсынскага камітэту. Цяпер грамадзкай рэспубліканскай арганізацыі дазваляецца накіроўваць сваіх назіральнікаў у камісіі любога ўзроўню, незалежна ад таго, ці мае гэтая арганізацыя ў адпаведным рэгіёне свае зарэгістраваныя структуры.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі пасьля паседжаньня сьцьвярджала, што, хаця незадаволеныя і засталіся, сёньня ўсё ж зроблена нямала:

"Унесеныя два значныя зьмяненьні ў пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія рэгулююць пытаньні галоснасьці. Па-першае, паўнамоцтвы назіральнікаў прыведзеныя ў поўную адпаведнасьць з Канвэнцыяй аб свабодных і справядлівых выбарах для краінаў СНД. Па-другое, спрошчаны парадак накіраваньня назіральнікаў ад тых грамадзкіх аб'яднаньняў, якія адсочваюць выбары, але тым ня менш ня маюць шырокіх структураў".

Сустаршыня кампаніі "За справядлівыя выбары 2010" Сяргей Калякін незадаволены рашэньнямі Цэнтральнай выбарчай камісіі:


"Як ня ведалі ні назіральнікі, ні выбарцы сапраўдных вынікаў галасаваньня, так яны і ня будуць ведаць і надалей. І сёньня ЦВК стала прыкрыцьцём магчымасьцяў для фальшаваньня выбараў. Мы зьвярталіся да камісіі, каб яна магла паказаць, што ўсё будзе празрыста, і камісія стане перашкодай для фальшаваньня вынікаў выбараў. Але сёньня мы атрымалі рашэньне, якое дае зялёнае сьвятло фальшаваньню".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров