Някляяевец падае ў суд на ВНУ

Радыё "Свабода"

Адлічаны на гэтым тыдні зь Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага інстытуту студэнт 5 курсу і каардынатар ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Ўладзімер Кумец падае скаргу ў Міністэрства адукацыі Беларусі і пазоў у суд паводле факту службовага падлогу з боку супрацоўнікаў ВНУ.

У размове са «Свабодай» Уладзімер Кумец падкрэсьліў, што сьведкамі па справе незаконнага заніжэньня ў ведамасьцях яго ацэнкі па замежнай мове (з 9 да 3 балаў) гатовыя выступіць як яго аднакурсьнікі, так і самі выкладчыкі.

Учора адбылася сустрэча Ўладзімера Кумца і кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева з адміністрацыяй Міжнароднага гуманітарнага эканамічнага інстытуту.

Як паведаміў Уладзімер Кумец, падчас гэтай сустрэчы заснавальнік інстытуту Аляксандар Алпееў паабяцаў аднавіць яго.

Кумец: «Мы з Уладзімерам Пракопавічам размаўлялі з Алпеевым. Нас сустракалі там людзі ў цывільным. Алпееў прыняў нас і сказаў, што была такая памылка, нават не памылка, а падлог дакумэнтаў насамрэч. Фактычна ён прызнаў факт падлогу службовых дакумэнтаў. І зрабіў мне такую прапанову: аднавіцца ў інстытуце ад 25 студзеня. Фактычна я атрымаў ад Алпеева гарантыю, праўда, толькі на словах, што мяне могуць аднавіць».

Таксама спадар Алпееў паабяцаў, што нядобрасумленныя выкладчыкі, якія пайшлі на падлог і падрабілі ацэнкі ў ведамасьцях, будуць пакараныя.

Сам Уладзімер Кумец у гэтай сувязі кажа, што ўвогуле ня мае да іх прэтэнзіяў, паколькі гэтыя людзі сталі інструмэнтам у руках іншых. Ён дапускае, што яго сапраўды могуць аднавіць, аднак пры гэтым не выключае, што на наступнай сэсіі яго могуць элемэнтарна заваліць. Бо, на ягоную думку, усе прыватныя ВНУ маюць даволі няпэўнае становішча, а таму баяцца розных праверак і рычагоў ціску.

Уладзімер Кумец зазначыў, што ў прынцыпе застаўся задаволеным характарам сёньняшняй сустрэчы. Аляксандар Алпееў пастаянна падкрэсьліваў, што паважае палітычны выбар студэнта і адмаўляў нейкія довады наконт таго, што чалавека могуць выключаць паводле палітычных прычынаў.

Уладзімер Кумец лічыць, што на спадара Алпеева паўплывала прысутнасьць Уладзімера Някляева: «Думаю, калі б яго не было, гэта сустрэча магла быць іншай».

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров